Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 кастрычнiка 2000 г.


Якуб Лапатка, Гэльсынкі

Марш Свабоды-3 падрабязна асьвятлялі эўрапейскія сродкі масавай інфармацыі. Наш карэспандэнт у Гэльсынкі сачыў, як рэагавала на акцыю беларускай апазыцыі фінская прэса.

Фінская ўплывовая газэта "Гэльсынкум Самамат" адгукнулася на Марш Свабоды-3, які адбыўся ўчора ў Менску. У якасьці падзагалоўка-рэзюмэ прыводзяцца словы Юрыя Хадыкі: "Мы хочам свабодных выбараў, а ня гэткага фарсу".

Газэта паведамляе:

"Каля 7 тысячаў чалавек сабраліся, каб выказаць свой пратэст і заклікаць да байкоту маючых адбыцца праз два тыдні парлямэнцкіх выбараў. Дэманстранты несьлі афіцыйна забароненыя нацыянальныя сьцягі і сьцягі Эўразьвязу. Дэманстрацыя, што адбылася ў нядзелю, гэта толькі частка той кампаніі пратэсту, якая будзе пашырацца і на іншыя буйныя гарады Беларусі. На думку апазыцыі, у цяперашніх умовах выбары ў Беларусі ня могуць быць ані дэмакратычнымі, ані свабоднымі, калі ў краіне парушаюцца ўсе правы чалавека, а новаабраны парлямэнт ня будзе мець аніякай улады. Апазыцыя хоча, каб замежныя назіральнікі не прысутнічалі на выбарах, каб гэта не выглядала ўхваленьнем такіх выбараў.

Частка дэманстрантаў, аднак, не падтрымала заклікі да байкоту выбараў і прапанавала аб'яднаць свае сілы, каб перамагчы Лукашэнку на югаслаўскі лад".

Далей газэта тлумачыць чытачам, што Лукашэнка, арганізаваўшы ў 1996 годзе рэфэрэндум, зьліквідаваў законна абраны парлямэнт, пашырыў свае ўладныя функцыі і падоўжыў тэрмін свайго прэзыдэнцтва. Ягоны ідэал – гэта былы Савецкі Саюз, а таму ён зараз вядзе Беларусь да новага саюзу з Расеяй.

XS
SM
MD
LG