Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 кастрычнiка 2000 г.


Гутарыла Вольга Караткевіч

(эфір 30 кастрычніка)
На мінулым тыдні на ініцыятыву канадыйскага боку адбылася сустрэча прэзыдэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы са старшынём камісіі замежных справаў канадыйскага парлямэнту Білам Грэйхэмам і прадстаўнікамі міністэрства замежных справаў Канады. Гаворка ішла ў тым ліку і пра Марш Свабоды-3. Ля тэлефону ў Атаве спадарыня Івонка Сурвіла:

(Сурвіла: ) "Я, безумоўна, гаварыла спадару Грэйхэму аб маёй заклапочанасьці эканамічнай і палітычнай сытуацыяй у Беларусі і казала яму аб небясьпецы, якую ўяўляюць сабой для беларускага народу і беларускай дзяржавы намаганьні Лукашэнкі далучыць Беларусь да Расеі".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі добра канадыйскі бок арыентуецца ў цяперашніх праблемах Беларусі, у прыватнасьці ў выбарчай сытуацыі і заўтрашнім Маршы Свабоды?"

(Сурвіла: ) "Я паведаміла аб заўтрашнім Маршы Свабоды. Яны гэтага ня ведалі, але аб выбарах яны дакладна паінфармаваныя і ўважаюць, што ўсё тое, што робіць Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта Беларусі, ёсьць нелегітымным. Паўстала пытаньне аб выбарах, і яны ўважаюць, што гэтыя выбары ня могуць лічыцца легітымнымі".

(Карэспандэнт: ) "Апошнім часам амэрыканскі бок актыўна заяўляе пра адсутнасьць дэмакратызацыі ў Беларусі і пра праблемы з правамі чалавека. Я маю на ўвазе і заяву Мадлен Олбрайт, і заяву прадстаўніцтва ЗША пры АБСЭ, і выступ амбасадара ЗША ў Беларусі Майкла Козака, калі, сярод іншага, ён заявіў, што праблемы з дэмакратыяй у Беларусі – гэта пэрсанальнае расчараваньне прэзыдэнта Біла Клінтана. Выглядае, што Беларусь – адзін з прыярытэтаў у замежнай палітыцы ЗША. Якая сытуацыя з Канадай?"

(Сурвіла: ) "Канада таксама вельмі чулая на ўсе пагвалчаньні правоў чалавека ў Беларусі. Аб гэтым ня раз гаварыў і міністар замежных справаў Канады. Ён казаў, што ён асабіста гэтым цікавіцца і стараецца асабіста… Вось, напрыклад, як выяжджаў з Канады былы амбасадар беларускі Хвастоў, дык гэтая заклапочанасьць канадыйска міністра была адной з рэчаў, сказаных Хвастову…І спадар Грэйхам выказаў сваё зацікаўленьне беларускім пытаньнем наагул і абяцаў, што будзе гаварыць з міністрам замежных справаў у справе магчымасьці правесьці супольную нараду ў справе Беларусі".

Напярэдадні Маршу Свабоды спадарыня Івонка Сурвіла вырашыла зьвярнуцца да беларусаў:

(Сурвіла: ) "Хацела б скарыстаць з гэтай нагоды, каб ад імя свайго і ад імя Рады БНР заклікаць беларусаў, каб выйшлі тысячамі заўтра на вуліцы і ўзялі ўдзел у Маршы Свабоды. Гэтая падзея адыграе важную ролю ў змаганьні супраць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, а таксма ў адносінах да Беларусі вольнага дэмакратчынага сьвету".

XS
SM
MD
LG