Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 кастрычнiка 2000 г.


(эфір 30 верасьня)
Учора ў Вашынгтоне адбылася цырымонія прывядзеньня да прысягі новага амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Майкла Козака. Сёньня мы атрымалі тэкст выступу Майкла Козака.

Мы паведамлялі ўчора, што ў сваім выступе Майкл Козак зазначыў, што Беларусь – гэта краіна, якая заслугоўвае дэмакратыі і незалежнасьці, і што ён будзе рабіць усё магчымае, каб падтрымліваць тых, хто працуе на незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі.

У сваёй прамове Майкл Козак найперш падзякаваў амбасадару Беларусі ў Злучаных Штатах Амэрыкі Валерыю Цапкалу за тое, што прыйшоў на цырымонію прыняцьця прысягі і за цярплівасьць, прадэманстраваную ў часе падрыхтоўкі Козака да паездкі ў Беларусь у якасьці амбасадара. Майкл Козак заявіў, што быў прыемна ўражаны вялікай колькасьці сяброў і паплечнікаў, якія паведамілі яму пра свае беларускія карані. Майкл Козак выказаў спадзяваньне, што пад канец ягонай місіі ён будзе мець шмат сяброў у Беларусі.

Пасьля Майкл Козак зьвярнуўся да прысутных і расказаў пра адметнасьці Беларусі і яе цікавую, як ён выказаўся, гісторыю. Майкл Козак узгадаў пра ўнікальны запаведнік – Белавескую пушчу і знакамітага зубра. Майкл Козак паведаміў прысутным, што (цытата): "Найбольш слынны беларускі Мастак – Марк Шагал – нарадзіўся ў Віцебску". Паводле Майкла Козака, беларусы адлюстравалі сваю любоў да свабоды ў адным з самых папулярных лёзунгаў "За нашую і вашую свабоду". "Талерантнасьць, шматграннасьць, любоў да свабоды, – гаварыў Козаў, – добрая гістарычная падстава для пабудовы дэмакратыі".

Далей Майкл Козак, спасылаючыся на Строўба Тэлбата адзначыў, што дачыненьні паміж урадамі Беларусі і Злучаных Штатаў Амэрыкі і дачыненьні беларускага ўраду зь пераважнай большасьцяй краінаў Эўропы – кепскія. І стаўленьне беларускіх уладаў да выбарчага працэсу робіць гэтыя дачыненьні яшчэ горшымі. Майкл Козак дадаў, што міжнародная супольнасьць гатовая прыняць Беларусь, калі беларускія ўлады захочуць спыніць ізаляцыю. Майкл Козак таксама заявіў, што будзе падтрымліваць усіх тых у Беларусі, хто працуе ў імя дэмакратыі, незалежнасьці і дабрабыту Беларусі.

XS
SM
MD
LG