Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

1 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца дзень пажылых людзей. Прагназуюць, што праз дзесяць гадоў на 100 працуючых беларусаў будзе прыпадаць 100 пэнсіянэраў. Беларусь паступова робіцца нацыяй пажылых людзей. Пра гэта заявіла на прэсавай канферэнцыі міністар сацыяльнай абароны Вольга Даргель. Яна таксама адзначыла беспадстаўныя абяцаньні, якія цяпер робяць кандыдаты ў дэпутаты "палаты прадстаўнікоў", наконт магчымага падвышэньня пэнсіяў да 100-120 даляраў.

Зараз у Беларусі 1 мільён 800 тысячаў пажылых людзей, 1 мільён 300 тысячаў зь іх жывуць на вёсцы. Да пажылых адносяць людзей у веку ад 60 да 75 гадоў. Цяпер у Беларусі на 100 чалавек, якія працуюць, прыпадае 50 пэнсіянэраў. Празь дзесяць гадоў колькасьць пэнсіянэраў мусіць значна павялічыцца — на 100 працаўнікоў прыпадзе 100 пэнсіянэраў. У 2010 годзе выйдуць на пэнсію жанчыны 46–47 гадоў нараджэньня. Як вядома, менавіта ў гэтыя гады пасьля вайны адбыўся значны ўсплеск нараджальнасьці. Пра гэта распавяла на прэсавай канфэрэнцыі міністар сацыяльнай абароны Вольга Даргель.

Яна таксама паведаміла пра тое, што пакуль пэнсія зьяўляецца галоўнай крыніцаю даходаў для пажылых людзй Беларусі. І кожны дзень, зазначыла міністар, мы адчуваем, як яны незадаволеныя сваёй пэнсіяй.

Мінімальная пэнсія ў Беларусі сёньня складае 16 тысячаў 884 рублі, сярэдняя — каля 30 тысячаў, а максімальная — траха больш за 46 тысячаў. На пытаньне карэспандэнта радыё Свабода пра колькасьць беларускіх пэнсіянэраў, якія жывуць па-за рысаю беднасьці, а зараз, як вядома, гэта менш за 30 тысячаў рублёў, Вольга Даргель адказала наступнае: каля 200 тысячаў беларускіх пэнсіянэраў маюць пэнсію, меншую за 30 тысячаў. І яшчэ 860 тысячам беларусам, месячны даход якіх складае менш за 15 тысячаў рублёў, патрэбная адрасная грашовая дапамога. А гэта ня толькі пэнсіянэры, але й інваліды, і малазабясьпечаныя людзі.

Вольга Даргель таксама паведаміла пра тое, што ў кастрычніку пэнсіі ня будуць павялічаныя, падвышэньне адбудзецца толькі ў лістападзе сёлета.

Міністар сацыяльнай аховы таксама назвала безпадстаўнымі й папулісцкімі абяцаньні некаторых кандыдатаў у дэпутаты "Палаты прадстаўнікоў" адносна магчымага падвышэньня сярэдняга памеру пэнсіяў да 100–120 даляраў. У такім выпадку, сярэднія заробкі беларусаў мусяць павялічыцца да 200–240 даляраў, а гэта пакуль немагчыма, — зазначыла Вольга Даргель.

XS
SM
MD
LG