Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Учора ў Празе скончылася штогадовая сэсія Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку. Прадстаўнікі беларускае дэлегацыі лічаць, што ва ўзаемаадносінах паміж краінаю і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі пачалося пацяпленьне. Але ж для таго, каб атрымаць фінансаваньне з боку МВФ, Беларусі спатрэбіцца працяглы час.

Працаваць у Празе, нягледзячы на акцыі пратэсту супраць глябалізацыі, беларускай дэлегацыі, паводле ейных удзельнікаў, было ня страшна. Міністар фінансаў Мікола Корбут заявіў, што ніхто не спрабаваў кінуць у ягоны бок бутэльку. Кіраўнік Нацыянальнага банку Пётра Пракаповіч сказаў, што побач з чэскай паліцыяй адчуваў сябе бясьпечна.

На пытаньне, якія вынікі працы беларускае дэлегацыі ў Празе, міністар фінансаў Беларусі Мікола Корбут адказваў асьцярожна. У інтэрвію нашаму радыё ён заявіў:

(Корбут: ) "Мяне пераважна цікавілі сустрэчы, а не рашэньні, якія там прымаліся. Я маю на ўвазе сустрэчы з прадстаўнікамі Ўсясьветнага банку й Міжнароднага валютнага фонду. Агульны вынік — адносіны міжнародных фінансавых арганізацыяў да Беларусі пацяплелі. Экспэрты станоўча ацэньваюць грашова-крэдытную палітыку, падаткова-бюджэтную палітыку.

Адначасова яны выказвалі патрабаваньні, ці, як яны кажуць, меркаваньні наконт далейшага разьвіцьця эканамічнае сытуацыі. Пытаньні засталіся тыя, што й былі — лібэралізацыя цэнаў, прыватызацыя. Місія МВФ мае намер наведаць Менск. Гэта адбудзецца напрыканцы кастрычніка ці на пачатку лістапада", — распавёў міністар фінансаў Мікола Корбут.

Тое, што неўзабаве адбудзецца візыт місіі, пацьвердзіў і прадстаўнік МВФ у Летуве й Беларусі Марк Гортан. Ён патлумачыў, што рашэньні паводле вынікаў штогадовае сэсіі яшчэ не прынятыя.

(Гортан: ) "На пачатку наступнага тыдня будзе прынятае рашэньне, што рабіць далей. Хутчэй за ўсё, празь некаторы час пачнецца праца паводле гэтак званае неафіцыйнае праграмы пад кантролем супрацоўнікаў МВФ. Такая праграма не прадугледжвае фінансаваньня з боку фонду. Проста ўрад на працягу двух кварталаў будзе выконваць эканамічную праграму пад кантролем супрацоўнікаў фонду. Адная справа — усталяваць парамэтры, і зусім іншая — іх зацьвердзіць.

Магчыма, што місія ня прыйдзе адразу да пагадненьня з урадам, і экспэртам прыйдзецца прыехаць у Менск яшчэ раз. У самым лепшым выпадку праца паводле неафіцынае праграмы пачнецца ўжо ў чацьвертым квартале. Калі гэтая праграма будзе выконвацца пасьпяхова, тады можна казаць пра фінансаваньне паводле праграмы стэнд-бай", — лічыць прадстаўнік МВФ у Летуве й Беларусі Марк Гортан.

XS
SM
MD
LG