Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 29 верасьня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Ужо месяц у Барысаве доўжыцца канфлікт між адміністрацыяй сярэдняе школы №7 і бацькамі вучняў гэтае школы. Бацькі скардзяцца, што дырэкцыя ды бацькоўскі камітэт прымушаюць іх аплочваць тыя патрэбы школы, якія мусіць фінансаваць дзяржава.

1 верасьня сын спадарыні Тамары дый іншыя дзеці, вярнуўшыся дадому пасьля заняткаў у школе №7, моцна зьдзівілі сваіх бацькоў.

"Першага верасьня на кляснай гадзіне сказалі дзецям, каб для набыцьця ксэракса прынесьлі па чатыры тысячы рублёў… Ну бацькі… — па-першае, ня кожны можа даць гэту суму. Як у мяне напрыклад, заробкавая плата 13 тысячаў за месяц. І аддай — чатыры. Гэта, акрамя таго, што яшчэ на рамонт школы, на рамонт клясы… Настаўнікам на падарункі да Дня настаўніка ўжо аддалі па пяцьсот рублёў", — паведаміла мне спадарыня Тамара.

Яшчэ адна мая суразмоўніца зь ліку бацькоў, спадарыня Ніна, сказала:

"Пакуль я ня дам. У меня няма чаго даць".

Паводле вядомых прычынаў, абедзьве жанчыны не пажадалі назваць у эфіры свае прозьвішчы.

Дырэктарка школы №7 Ніла Цімохава патлумачыла мне, што неабходнасьць у бацькоўскіх ахвяраваньнях абумоўленая цяжкай эканамічнай сытуацыяй, у якой знаходзіцца цяпер школьная адукацыя. А па-другое, гэтыя грошы школа з бацькоў возьме не адразу:

"Было запрапанавана па адной тысячы за чвэрць з вучня. З улікам, што гэтыя грошы пойдуць ня толькі на ксэракс, але й на падрыхтоўку да новага навучальнага году. Я казала на бацькоўскім сходзе, што гэта толькі дабрахвотны ўнёсак», — падкрэсьліла дырэктарка школы.

Аднак тая ж спадарыня Тамара не пацьвердзіла, што выконваецца прынцып дабрахвотнасьці. Вось што яна распавяла пра настаўнікаў школы №7:

«Паабяцалі, што: «…Дзеці, у вас кантрольныя, у некаторых — экзамены». Папярэдзілі, што дабром гэта ня скончыцца», — паведаміла спадарыня Тамара.

Як жа рэагуюць на падобныя грашовыя зборы ворганы адукацыі? Вось меркаваньне кіраўніка ўправы адукацыі Менскага абласнога выканкаму Георгія Нікановіча:

«Тое, што з бацькоў зьбіраюць грошы, гэта вельмі няслушна, гэта не павінна быць… Мы з гэтым пытаньнем разьбярэмся абавязкова і, я думаю, паправім дырэктара», — сказаў спадар Нікановіч і зазначыў, што бюджэтных грошай мусіць хапаць школе №7 на ўсе ейныя патрэбы.

XS
SM
MD
LG