Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 28 верасьня)
У Менску адбыўся нешматлюдны мітынг супраць парушэньня правоў чалавека, зарганізаваны Беларускай лігаю правоў чалавека і Беларускай асацыяцыяй абароны правоў чалавека.

Удзельнікі акцыі запатрабавалі ад кіраўніцтва краіны забясьпечыць права кожнага грамадзяніна на жыцьцё, здароўе, працу. Яны таксама ўхвалілі тэкст ліста на імя Гэнэральнга сакратара Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў Кофі Анана, у якім заклікаюць яго асабіста "прыняць самыя жорсткія захады ў дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі, аж да прыцягненьня Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці перад міжнародным судом".

Пераважную бальшыню ўдзельнікаў мітынгу складалі людзі, пакрыўджаныя ўладамі. Перадусім, гэта — жанчыны сталага веку.

(Голас: ) "Я Лукашэнку выбірала. Ён мяне падмануў. Я ў "Зьвязьдзе" задавала два пытаньні: ці будзе ён сябраваць з апазыцыяй? Ён усё казаў, што будзе".

(Голас: ) "Я маці забітага салдата, я адстойваю правы свайго забітага сына і свае правы. Таму, калі мне давядзецца памерці недзе на парозе чыноўнікаў, я прайду свой шлях да канца. Я маці. Рана ці позна справядлівасьць запануе. Мая барацьба працягваецца".

(Голас: ) "Я згубіў правы дзякуючы апошнім гадам праўленьня так званага прэзыдэнта і "палаткі". У мяне скралі апошняе права – на яду".

Людзі, што колісь паклалі грошы ў банкі ды пасьля згубілі іх, маці загіблых у войску, сваякі незаконна пакараных судамі — кожны зь іх у свой час безвынікова спрабаваў дамагчыся справядлівасьці:

(Голас: ) "Мы нават зьвярталіся ў самыя высокія інстанцыі. Да прэзыдэнта… Вядома, да яго ня трапіш…Да памочніка… Усё усюды пакрытае змрокам, таму што ня дзейнічае нашая канстытуцыя. Да ўлады – ніякага даверу".

(Голас: ) "Бяспраўе ідзе. У нас ніякія людзі ня маюць ніякіх правоў, усе правы дадзеныя міліцыі. Вінаваты ў гэтым прэзыдэнт, вінаватыя тыя людзі, якія падтрымалі прэзыдэнта. Гэта камуністы, дзяржбясьпека і міліцыя. Трэба сыстэму мяняць".

Гэтыя людзі страцілі давер да ўлады. І ня вераць, што пасьля кастрычніцкіх выбараў сытуацыя можа зьмяніцца да лепшага:

(Голас: ) "Выбары ня могуць зьмяніць сытуацыю. Там усе будуць лукашысты. Таму што такая сыстэма – адзін чалавек кіруе. Большасьць зь іх старыя, якія ўжо былі, да якіх ужо зьвярталіся, і ніхто зь іх ня змог абараніць нашыя правы".

(Голас: ) "Гэта ня выбары, гэта фарс, усе ўжо прызначаныя".

Сёньня на пляц Бангалор прыйшло ня больш за 20 чалавек.

(Голас: ) "Многія баяцца, бо зьнікаюць людзі ў Беларусі".

Удзельнікі мітынгу заяўлялі, што яны будуць працягваць змагацца за свае правы. У тым ліку й праз звароты ў міжнародныя арганізацыі.

XS
SM
MD
LG