Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ пікетавалі офіс КНГ АБСЭ ў Менску ды перадалі супрацоўнікам групы заяву з патрабаваньнем адстаўкі кіраўніка КНГ Ганса-Георга Віка.

Дваццаць сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ прыблізна паўгадзіны пікетавалі памяшканьні КНГ АБСЭ ў Менску на праспэкце газэты "Правда". Хаця гэтая імпрэза была несанкцыянаванаю, бо гарадзкія ўлады накіроўвалі арганізатараў на пляц Бангалор, ніводнага міліцыянта ў навакольлі не было. Ніхто з удзельнікаў пікету ня быў затрыманы.

Акцыя пачалася з разгортваньня бел-чырвона-белых сьцягоў ды двух плякатаў з наступнымі надпісамі: "Палітыка КНГ АБСЭ ў Беларусі — гэта палітыка падтрымкі дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі" і "Патрабуем адстаўкі спадара Віка".

Я спытаў удзельнікаў пікетаваньня: што прывяло іх да офісу КНГ АБСЭ?

(Пянькоўская: ) "Мы вельмі незадаволеныя дзейнасьцю спадара Віка, вельмі незадаволеныя. Мы змагаемся за незалежнасьць Беларусі, а за што ён змагаецца, я ня ведаю. Усе тыя намаганьні, якія яны прыкладалі з гэтай аб'яднанай апазыцыяй, не далі ніякіх вынікаў. Потым гэтыя стасункі з расейскімі імпэрыялістамі, такімі як Селязьнёў. Гэта нам таксама не падабаецца. Завуць мяне Пянькоўская Лідзія".

А вось меркаваньне Ўладзімера Юхо:

(Юхо: ) "Мы выйшлі выказаць сваё "фі" спадару Гансу Віку за яго цалкам прарасейскую пазыцыю ў адносінах да выбараў, да лёсу Беларусі. Адна з суполак Маскоўскага раёну выступіла з гэтай ініцыятывай, бо яны якраз тут і жывуцць".

Гэта быў сябра КХП БНФ спадар Юхо. Неўзабаве да пікетоўцаў выйшаў супрацоўнік групы АБСЭ ў Менску Эндру Карпэнтэр, бо ані спадара Віка, ані ягонага намесьніка, як паведамілі ў офісе КНГ, на момант пікетаваньня там не было. Адзін зь лідэраў КХП Сяргей Папкоў перадаў спадару Карпэнтэру заяву й патлумачыў ейны зьмест:

(Папкоў: ) "Мы пацьвярджаем сваю пазыцыю, што мы ня згодныя з палітыкай КНГ АБСЭ. Яна, фактычна, дапамагае стварыць ілюзію дэмакратыі ў Беларусі перд выбарчым фарсам. Таму мы патрабуем ад АБСЭ, каб палітыка АБСЭ ў Менску была зьмененая, і патрабуем адстаўкі спадара Віка".

(Карпэнтэр: ) "Вялікі дзякуй за тое, што Вы выказалі нам сваю пазыцыю. Я перадам гэтую інфармацыю спадару Віку".

Сказаў супрацоўнік КНГ АБСЭ ў Менску Эндру Карпэнтэр, атрымаўшы пэтыцыю ад спадара Папкова. Спадар Карпэнтэр адмовіўся адказаць на пытаньне, дзе зараз знаходзіцца Ганс-Георг Вік, а супрацоўніца ягонага офісу параіла зьвяртацца па камэнтар толькі ў панядзелак.

XS
SM
MD
LG