Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Цяпер, калі да выбараў у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" засталося ўсяго два тыдні, падкантрольныя ўладам акруговыя камісіі працягваюць пазбаўляцца ад непажаданых кандыдатаў у дэпутаты.

Камісія Гомельскай Юбілейнай выбарчай акругі №33 ужо на этапе агітацыі пазбавіла статусу кандыдата ў дэпутаты сябра Партыі камуністаў Беларускай Віктара Хоміча. Спадар Хоміч вылучыўся кандыдатам ў дэпутаты ад партыі камуністаў у сваёй ранейшай выбарчай акрузе, дзе быў абраным ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня і ў складзе якога ўзначальваў сталую камісію ў пытаньнях Чарнобыльскае праблемы. Пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму 96-га году Віктар Хоміч не пайшоў у лукашэнкаву "Палату прадстаўнікоў" — застаўся верным Вярхоўнаму Савету. З-за гэтага ён доўга ня мог уладкавацца на працу, хаця мае вучоную ступень кандыдата біялягічных навук. Атрымліваў дапамогу па беспрацоўю ў гарадзкім цэнтры занятасьці.

23 верасьня ў абласной газеце быў надрукаваны сьпіс шасьці зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты па 33-й акрузе. У ліку іх значыўся й Віктар Хоміч як дырэктар эканамічных праграмаў грамадзкага аб'яднаньня «Фонд садзеяньня інтэграцыі Беларусі й Расеі». Стаўшы кандыдатам у дэпутаты, Віктар Хоміч у сваіх гутарках з выбаршчыкамі асаблівую ўвагу надаваў праблемам абароненасьці людзей ад наступстваў Чарнобыльскае катастрофы. Гэта знаходзіла паразуменьне ў людзей, бо яны, як і сам Віктар Хоміч, жывуць пераважна ў мікрараёне «Валатава», найбольш забруджаным у нашым горадзе радыёнуклідамі.

Менавіта ў гэты час, калі ва ўсю разгарнулася перадвыбарчая агітацыя і стала зразумела, што Віктар Хоміч — сур'ёзны канкурэнт, акруговая камісія сабралася на паседжаньне, каб разгледзець гэтак званыя "сыгналы пра неадпаведнасьць зьвестак" у ягонай анкеце. Што гэта былі за сыгналы, распавядае намесьніца старшыні камісіі Тамара Гайдукова:

(Гайдукова: ) "Гэта былі тэлефонныя званкі ў акруговую камісію".

Камісія, яную ўзначальвае кіраўнік справамі адміністрацыі Чыгуначнага раёну Сьвятлана Голад, высьветліла, што ў «Фонд садзеяньня інтэграцыі Беларусі й Расеі» Віктар Хоміч прыняты быў часова, а ў анкеце указаў, што працуе там на сталай аснове. У выніку ранейшая пастанова пра рэгістрацыю Віктара Хоміча кандыдатам у дэпутаты адменена.

Сёньня спадар Хоміч дзеяньні акруговае камісіі аспрэчваў у Цэнтравыбаркаме.

XS
SM
MD
LG