Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Міліцыянты наладзілі сапраўднае паляваньне на пікетоўцаў і распаўсюднікаў улётак з заклікам да байкоту выбараў і ўдзелу ў "Маршы Свабоды – 3". Міліцыянты пераважна забіраюць непаўнагадовых падлеткаў.

За апошні тыдзень праваахоўныя ворганы актывізавалі затрыманьні распаўсюднікаў улётак з заклікам байкоту і ўдзелу ў "Маршы Свабоды – 3". Студэнты й школьнікі, як найбольш актыўныя ўдзельнікі вулічных акцыяў, выклікаюць асаблівую ўвагу з боку міліцыянтаў.

У рэгіёнах міліцыянты робяць сапраўдныя аблавы ў мейсцах, дзе зьбіраюцца падлеткі. Так, у Жодзіне ўчора ўвечары каля свайго дома быў затрыманы 17-цігадовы Павал Красоўскі. Ён сядзеў на лаўцы разам са сваімі сябрамі. Раптам перад імі зьявіліся супрацоўнікі міліцыі…

Гаворыць Павал Красоўскі:

(Красоўскі: ) "Убачыўшы значку Маршу Свабоды, яны паклікалі мяне да сябе і паставілі да плоту. Пры гэтым яны нецэнзурна лаяліся. У мяне з кішэні дасталі налепкі "Байкот 2000". "У-у… антыправіцельсьцвенная праграма. Ты папаў, пацан". Потым з маёй унутранай кішэні ён дастаў налепкі "Марш Свабоды", "Наш край" і "Стоп Лука". Мы паселі на лаўку, і яны кажуць, што зараз выкураць па цыгарэце, а ты падумай – ад адказу будзе вырашацца твой лёс. Яны хацелі, каб я ім сказаў, што за гэтыя налепкі мне плоцяць грошы, 20 рублёў за адну налепку. Потым яны хацелі мне прыпісаць сувязь з УНА-УНСО. Я прасіў, каб яны адвялі мяне дадому і паказалі бацькам, але яны адмаўлялі ў гэтым, хоць да дому было паўкроку. Дзяжурны адмаўляўся мяне рэгістраваць, казаў, каб "гэтага маленькага прыдурка адпусьцілі дадому", але той, што мяне затрымаў, Дзенясюк, казаў, маўляў, ты ж ведаеш, які нам далі загад".

Толькі ўначы юнак трапіў дахаты. Зь неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што міліцыянты маюць адмысловы загад затрымліваць распаўсюднікаў улётак. За гэта нібыта прадугледжаная матэрыяльная ўзнагарода. Магчыма, з гэтае нагоды менскія міліцыянты так шчыруюць.

Сёньня яны на ганку 10-е менскае школы схапілі двух вучняў 7-е клясы Алега Чарэтуна і Андрэя Курбакова, у якіх на ранцах былі значкі з надпісам "Марш Свабоды". Гэтых хлопцаў пацягнулі на гэтак званае "разьбіральніцтва".

Такім чынам, толькі ў Менску за апошнія суткі было затрымана каля дзясятка чалавек. Усе яны зьяўляюцца школьнікамі або студэнтамі. Аналіз сытуацыі дае падставу меркаваць, што з набліжэньнем даты правядзеньня выбараў сьпіс затрыманых значна павялічыцца.

XS
SM
MD
LG