Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 верасьня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Лідэр БСДП "Народная Грамада" Мікола Статкевіч сёньня заявіў, што ён будзе працягваць свой удзел у выбарах у гэтак званую "палату прадстаўнікоў". Гэта адбылося нягледзячы на ранейшыя ягоныя заявы пра тое, што ён здыме сваю кандыдатуру на выбарах у "палату", калі ня будуць зарэгістраваныя кандыдатамі іншыя сябры ягонае партыі. Частка сяброў "Народнае Грамады" лічыць гэтае рашэньне памылковым.

Мікола Статкевіч раней паставіў уладам ультыматум: калі тыя не зарэгіструюць бальшыню сацыял-дэмакратычных кандыдатаў у "Палату прадстаўнікоў", дык ён здыме й сваю кандыдатуру. Аднак ані Цэнтравыбаркам, ані Вярхоўны суд не задаволілі скаргаў бальшыні "грамадоўцаў", якіх не зарэгістравалі акруговыя камісіі. У гэтай сытуацыі ўсе чакалі, што Статкевіч на знак пратэсту здыме сваю кандыдатуру, аднак, ён раптоўна памяняў сваю думку ды заявіў, што вырашыў "працягваць барацьбу да канца".

Вось як сам Мікола Статкевіч патлумачыў такую рэзкую зьмену сваіх меркаваньняў:

(Статкевіч: ) "Я ўпэўнены, што я няправільна ацаніў сытуацыю, паверыўшы, мабыць, ня тым аналітыкам, што ўладзе, нібыта, патрэбная нейкая малаколькасная апазыцыя ўнутры палаты. Мне на гэтую памылку ўказана, і вельмі жорстка, маімі сябрамі. Я кіраўнік партыі, я мушу ўлічваць меркаваньне большасьці. Да мяне зьвярнуліся 9 кандыдатаў, якія зьнятыя з выбараў. Яны заяўляюць, яны выбралі правільны шлях барацьбы, яны лічаць, што я сваім зьняцьцем з выбраў падстаўляю іх. Да мяне зьвярнуўся цэлы шэраг арганізацыяў партыі, большасьць арганізацыяў партыі… Мне сорамна казаць, але мяне абвінавачваюць у баязьлівасьці. Я бачу, што я гуляю на ўладу. Для мяне гэта вельмі складанае рашэньне, якое я прыняў, але я мушу прызнаць сваю памылку, і я зьбіраюся працягваць барацьбу на гэтых выбарах".

Адносна апублікаванае нядаўна заявы часткі "грамадоўцаў", якія не ўхваляюць ягоны ўдзел у выбарах у нелегітымны ворган, Статкевіч зазначыў, што іхная фракцыя ўтвораная ня згодна са Статутам, і што паводле ягоных падлікаў падобную пазыцыю падтрымлівае толькі 15 адсоткаў партыйцаў.

Вось як адрэагаваў на гэтыя заявы сябра Цэнтральнага камітэту "Народнае Грамады" Анатоль Гурыновіч.

(Гурыновіч: ) "Паводзіны Статкевіча для нас зьяўляюцца незразумелымі. Мне вельмі цяжка сказаць, што большасьць партыі падтрымлівае яго ўдзел у выбарах. Ну а з майго пункту гледжаньня, паводзіны Статкевіча зьяўляюцца амаральнымі, таму што яны парушаюць адзінства апазыцыі. Для нас гэта сыгнал на тое, што мы павінны быць вельмі ўважлівымі пры прэзыдэнцкіх выбарах. Таму што тая самая сытуацыя – шлях на раскол апазыцыі – можа паўтарыцца і пры прэзыдэнцкіх выбарах. Стварэньне фракцыі, я думаю, ня дасьць гэтаму расколу адбыцца. Вельмі многія сябры партыі заяўлялі аб тым, што ў дадзенай сытуацыі яны ня бачаць магчымасьці ўдзельнічаць у рабоце партыі. Фракцыя дала магчымасьць людзям выказаць свой пункт гледжаньня. Спадзяюся, што менавіта стварэньне фракцыі не дазволіць раскалоцца партыі. Аздараўленьне сытуацыі прывядзе да таго, што партыя стане партыяй, а ня клюбам аднаго чалавека".

Мікола Статкевіч зазначыў, што і ён, і "Народная Грамада" возьмуць удзел у "Маршы Свабоды" 1 кастрычніка, каб не паслабляць шэрагаў апазыцыі, хаця некаторыя лёзунгі "Маршу" Статкевічу не падабаюцца, і акрамя таго, ён не хацеў бы, каб "Марш" пайшоў у кірунку пляцу Бангалёр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG