Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 верасьня 2000 г.


У Празе працягваецца штогадовая канфэрэнцыя Міжнароднага Валютнага фонду і Ўсясьветнага банку, якая суправаджаецца вулічнымі акцыямі пратэсту.

Як адзначае сёньня Washington Post, фінансісты са 182 краінаў сьвету на працягу шасьці гадзінаў адчулі сябе ў пастцы, паколькі ўсе вуліцы вакол цэнтру былі заблякаваныя дэманстрантамі.

У той час, як удзельнікі сымпозыюму абмяркоўвалі глябальныя фінансавыя праблемы, некалькі дзясяткаў чалавек прарвалі ачапленьне, каб з булыжнікамі штурмаваць будынак. Паліцыя ўжыла сьлезацечны газ і брансбойты.

Праўда, удзельнікі сустрэчы спакойна паставіліся да падобных інцыдэнтаў. Намесьнік аддзелу па сувязям з прэсай Міжнароднага Валютнага фонду Білл Мары нават заявіў нашаму Рыдыё наступнае:

(Мары: ) " Мы ня мелі ніякіх праблемаў у праскім Кангрэсавым цэнтры. Захоўваліся ўмовы бясьпекі, і чэскія ўлады робяць ўсё, каб гарантаваць бясьпеку. І, як я ведаю, яны працягваюць рабіць гэта на добрым ўзроўні".

Гэта было меркаваньне намесьніка начальніка аддзелу па сувязях з прэсай Міжнароднага Валютнага фонду Білла Марры.

Як адзначае Washington Post, большасьць дэманстрантаў паводзілі сябе мірна. Іхнія прэтэнзіі да міжнародных фінансавых арганізацыяў – гэта абвінавачаньне ў забруджаньні навакольнага асяродзьзя і павелічэньня разрыву паміж заможнымі і жабрацкімі нацыямі.

Пратэсты супраць міжнародных фінансавых арганізацыяў, якія вядомыя як рух супраць глябалізацыі, нядаўна перашкодзілі гандлёвым перамовам у Сіэтле. Нават прэзыдэнт ЗША Клінтан быў заблякаваны ў гатэлі актывістамі руху. З таго часу актывісты руху супраць глябалізацыі, сярод якіх актывісты экалягічных і прафсаюзных арганізацыяў, перасоўваюцца па сьвеце і блякуюць усе больш-менш істотныя канфэрэнцыі Міжнароднага Валютнага Фонду і Ўсясьветнага банку.

Некаторыя актывісты заяўляюць, што яны ўжо падрыхтаваныя да акцыяў у Манрэалі, дзе ў будучым месяцы пройдзе яшчэ адзін фінансавы міжнародны саміт.

"Раней людзі былі заклапочаныя ядзернай пагрозай. Цяпер мы занепакоеныя экалягічнай сытуацыяй, правамі чалавека і запазыкамі бедных краінаў, але гэтыя праблемы часам – вынік дзейнасьці Ўсясьветнага банку і Міжнароднага Валютнага фонду", – заявіў 24-гадовы Сцюард Саваг з Балтымору, ЗША.

Майкл Морыл з амэрыканскага штату Пенсыльванія, адмыслова прыехаў у Прагу для ўдзелу ў акцыях пратэсту, бо лічыць, што глябалізацыя мела разбуральны вынік для ягонай мясцовасьці. "Мы згубілі 7 000 рабочых месцаў цягам апошніх пяці гадоў з прычыны Паўночнаамэрыканскага пагадненьня аб свабодзе зьнешняга гандлю, якое аб'яднала рынкі Злучаных Штатаў, Мэксыкі і Канады", – сказаў Майкл Моррыл карэспандэнту Washington Post.

Цяперашнія акцыі праціўнікаў глябалізацыі ня маюць таго маштабу, як прагназавалі іх арганізатары. Часткова гэта можна патлумачыць тым, што сотні, калі ня тысячы актывістаў былі затрыманыя чэскімі ўладамі на мяжы. Арганізатары выказалі шкадаваньне, што частка актывістаў справакавала сутыкненьні з паліцыяй, замест таго, каб мірна ўзяць палац, дзе адбывалася канфэрэнцыя, у "жывы ланцуг".

Тым ня менш, Washington Post адзначае, што некаторыя выступоўцы на саміце прапаноўвалі Міжнароднаму Валютнаму фонду і Ўсясьветнаму банку знайсьці больш эфэктыўныя спосабы дапамогі тым мільярдам людзей, якім глябалізацыя не нясе ніякіх выгодаў.

Газэта цытуе словы Прэзыдэнта Ўсясьветнага банку Джэймса Вольфэнсана, які адзначыў, што мы жывем у сьвеце, які траўмаваны няроўнасьцю. Ёсьць нешта несправядлівае ў тым, што 20 адсоткаў насельніцтва плянэты атрымоўвае больш чым 80 адсоткаў даходу. І калі амаль тры мільярды людзей жывуць менш чым на 2 даляры ў дзень". Шкадуючы з прычыны вулічных сутычак, кіраўнік Усясьветнага банку адзначыў, што шмат якія ўдзельнікі акцыяў пратэсту ўздымаюць лягічныя пытаньні, і ён падзяляе пратэст маладога пакаленьня супраць беднасьці.

Сяргей Навумчык, Прага.

P.S. Сёньня Ўсясьветны банк абнародваў справаздачу адносна стану эканомікі ў краінах былога СССР і Ўсходняй Эўропы. Паводле гэтай справаздачы, Беларусь і Ўзбэкістан ацэненыя як краіны з нязначным ўзроўнем карупцыі. Разам з тым адзначаецца, што ў гэтых краінах усё яшчэ вялікі ўзровень цэнтральнага плянаваньня. Беларусть і Ўзбэкістан называюцца гэтаксама ў шэрагу краінаў, у эканоміцы якіх прыватны сэктар займае нязначную частку.

XS
SM
MD
LG