Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 верасьня 2000 г.


Прадстаўнікі аб'яднанай апазыцыі прынялі да ведама дадзены ўладамі дазвол на правядзеньне 1 кастрычніка ў Менску "Маршу Свабоды". Аднак далёка ня ўсе арганізатары гэтай акцыі пагадзіліся зь месцам правядзеньня мітынгу — на пляцы Бангалёр. Ня выключана, што фармат "Маршу" можа быць зьменены.

Пытаньне правядзеньня "Маршу Свабоды" 1 кастрычніка і падобных жа акцыяў 8 кастрычніка ў 23 буйнейшых гарадох Беларусі абмяркоўвала сёньня палітычная рада АГП. Кіраўніцтва партыі ня цалкам задаволенае рашэньнем Менскага гарадзкога выканкаму адносна маршруту шэсьця.

Аднак лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што галоўная задача, якая цяпер стаіць перад арганізатарамі "Маршу", — правесьці акцыю арганізавана й магутна. Ад таго, наколькі масавым будзе "Марш" у Менску, залежыць і лёс падобных акцыяў у рэгіёнах.

8 кастрычніка лідэры АГП будуць браць удзел у акцыях пратэсту ў шэрагу гарадоў Беларусі. Анатоль Лябедзька лічыць, што дазвол на правядзеньне "Маршу" ў Менску ўлады далі таму, каб паказаць Захаду й Расеі, што ў Беларусі наступіў пэрыяд даверу і апазыцыю ніхто не перасьледуе.

А вось што думае адносна дазволу ўладаў на правядзеньне шэсьця й мітынгу лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Я думаю, што працягваецца гульня вакол ступені свабоды падчас выбарчай кампаніі, працягваецца гульня з эўрапейскімі структурамі. Ня без значэньня было таксама і тое, што амбасадар Вік разьвіў пэўную дзейнасьць, сустракаючыся, як ён паведаміў нам, з Мясьніковічам і дамагаючыся пэўных гарантыяў удзельнікам Маршу. Сапраўды, упершыню за пару апошніх гадоў нам дазволена шэсьце. Звычайна, як вядома, шэсьце забаранялася безматыўна і катэгарычна, а дазваляўся толькі мітынг, і толькі нефармальна, калі-нікалі дазвалялася шэсьце, потым. Нашым посьпехам зьяўляецца і тое, што легалізаванае месца збору – Акадэмія Навук. Гэта дазволіць прыйсьці значна большай колькасьці людзей, чым калі б яно не было дазволенае. Ну і сам факт дазволу шэсьця. Гэта, я думаю, адваяваная намі юрыдычная прастора".

Лічыць спадар Вячорка.

Хаця Менскі гарадзкі выканкам і дазволіў правесьці ў Менску 1 кастрычніка "Марш Свабоды", тым ня менш Вінцук Вячорка не выключае, што сілавы варыянт разгону дэманстрацыі ўлады таксама прадугледзілі. Лідэра БНФ асабліва насьцярожвае ўчорашняе прызначэньне на пасаду кіраўніка МУС былога шэфа асабістай аховы Лукашэнкі Ўладзімера Навумава. Вячорка лічыць, што напярэдадні выбараў і масавых акцыяў апазыцыі Лукашэнка вельмі занепакоены сваім далейшым лёсам, таму ён і прызначыў кіраваць Міністэрствам унутраных справаў чалавека, якому давярае на 100 адсоткаў, і які, на думку апазыцыянэра, выканае любы загад свайго шэфа.

Нягледзячы на тое, што адхіленьне дэманстрантаў ад вызначанага ўладамі маршруту шэсьця можа прывесьці да рэпрэсіяў з боку ўладаў, арганізатары "Маршу" пакуль не зацьвердзілі канчатковы фармат акцыі 1 кастрычніка.

Альгерд Невяроўскі, Менск

P.S. Як толькі што стала вядома, аргкамітэт Маршу Свабоды-3 вырашыў праводзіць мітынг 1 кастрычніка на пляцы Бангалёр толькі ў тым выпадку, калі ўлады ўсталююць там неабходную гукаўзмацняльную апаратуру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG