Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 26 верасьня 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

Аналітык нашага Радыё Валер Карбалевіч параўноўвае перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі і Югаславіі.

(Карэспандэнт: ) "Што агульнага ў перадвыбарчай сытуацыі ў Беларусі і Югаславіі?"

(Карбалевіч: ) "Агульным, па-першае, ёсьць тое, што і ў Беларусі, і ў Югаславіі недэмакратычныя палітычныя сыстэмы, аўтарытарныя рэжымы з харызматычнымі аўтарытарнымі кіраўнікамі. І там, і там ўлады прапагандуюць варожы вобраз Захаду, што Захад вораг славянскага народу, сэрбскага ці беларускага. Агульная і адсутнасьць адзінай стратэгіі і тактыкі апанэнтаў аўтарытарнага рэжыму".

(Карэспандэнт: ) "Але ў адным выпадку апазыцыя ня йдзе на выбары, а ў другім ідзе. Значыць, адрозьненьні ёсьць?"

(Карбалевіч: ) "Ёсьць і вялікія. Найперш, у грамадзтве. У Югаславіі больш высокія спажывецкія стандарты яшчэ з камуністычных часоў. Яны не прывыклі жыць у беднасьці. І калі Захад заявіў, што перамога апазыцыі будзе азначаць скасаваньне эканамічных санкцыяў з усімі наступствамі для ўзроўню жыцьця насельніцтва, гэта і адыграла ролю ў падтрымцы апазыцыі. У Югаславіі ўплыў апазыцыі больш, чым у Беларусі. Паводле апытаньняў перад выбарамі, кіраўнік апазыцыі меў большы рэйтынг за Мілошавіча, таму там тактыка байкоту ня мела такога апраўданьня, як у Беларусі. Да таго ж, там адначасова выбары і прэзыдэнта, і парлямэнту, і мясцовых ворганаў улады, г.зн. барацьба за рэальную ўладу, а ў Беларусі выбары ў бяспраўную "палату прадстаўнікоў". Высокі рэйтынг Каштуніцы паклікаў і іншую легітымнасьць, іншае стаўленьне намэнклятуры. Калі там чыноўнікі адчуваюць, што прэзыдэнт можа страціць уладу, то іх паводзіны будуць троху іншыя, чым беларускіх чыноўнікаў, якія працуюць зладжана і эфэктыўна".

(Карэспандэнт: ) "Якія б фактары былі патрэбныя ў Беларусі, каб даць такія вынікі?"

(Карбалевіч: ) "Эканамічнае становішча ў Беларусі яшчэ не дасягнула той рысы, калі б насельніцтва адназначна сказала, што так жыць нельга, трэба мяняць як эканамічную палітыку, так і тую ўладу, якая яе праводзіць. Павольнае падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі не вядзе да аўтаматычнага ўзрастаньня рэйтынгу апазыцыі".

(Карэспандэнт: ) "Да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ ёсьць час. На чым павінна грунтаваць сваю палітыку апазыцыя?"

(Карбалевіч: ) "Першае, гэта даказаць насельніцтву, што цяперашнія парлямэнцкія выбары несправядлівыя і несвабодныя, г.зн. паспрабаваць сарваць іх. Калі байкот адбудзецца, калі выбары не адбудуцца, гэта будзе азначаць дэлігітымізацыю цяперашняга рэжыму. Трэба дамагацца больш спрыяльных умоваў пад час прэзыдэнцкіх выбараў, свабодных і дэмакратычных, аб якіх гаварылі эўрапейскія структуры. Каб яны маглі рэалізвацца. Без гэтага шанцаў на перамогу кагосьці іншага чым Лукашэнка на прэзыдэнцкіх выбарах цяжка спадзявацца. Ну і спрабаваць прарваць нейкім чынам інфармацыйную блякаду і неяк дайсьці да простага выбаршчыка, асабліва ў правінцыі, які абсалютна дэзарыентаваны, які мае вельмі мала інфармацыі аб тым, што робіцца ў дзяржаве, аб стратэгіі і тактыцы апазыцыі, аб яе праграме і г.д."

Гутарыў

XS
SM
MD
LG