Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 верасьня 2000 г.


Ганна Соўсь, Менск

Беларускія палітыкі камэнтуюць папярэднія вынікі і магчымыя наступствы выбараў у Югаславіі і для гэтай краіны, і для Беларусі.

Яшчэ афіцыйна вынікі выбараў у Югаславіі не абвешчаныя, але, як мяркуе былы намесьнік міністра замежных справаў і кіраўнік Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў, ужо відавочна, што Мілошавіч прайграў гэтыя выбары, і што б ён зараз ні рабіў, сьвет ужо ведае, што на гэтых выбарах перамагла югаслаўская апазыцыя.

(Саньнікаў: ) "Югаславія павінная зараз выбраць аптымальны варыянт пераходу да новага ладу жыцьця. Гэта вельмі важна для Беларусі, таму што мы ведаем, як югаслаўская апазыцыя спрабавала і праз мясцовыя, і праз парлямэнцкія выбары паўплываць на сытуацыю, але гэта немагчыма было, таму што пакідала Мілошавічу магчымасьць маніпуляваць парлямэнтам і ўвогуле ўладамі. Гэта тое, што будзе адбывацца і ў Беларусі, гэта тое, што прагназуе аб'яднаная апазыцыя. Дэмакратычныя сілы менавіта на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі атрымаюць свой шанц, і калі б яны адбыліся сёньня, то ў Лукашэнкі не было б ніякая магчымасьці захаваць уладу".

Паміж прадстаўнікамі беларускай і югаслаўскай апазыцыі існавала пэўнае спаборніцтва наконт таго, хто першым даможацца сыходу дыктатара. Як лічыць старшыня партыі БНФ "Адраджэньне" Вінцук Вячорка, перашй гэта здолела зрабіць югаслаўская апазыцыя.

(Вячорка: ) "Цяпер мне нічога не застаецца, як зычыць нашым сэрбскім сябрам перамогі, як мага выразьнейшай перамогі, таму што іхная перамога бясспрэчна дапаможа нам і прывядзе да зьнявераньня прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі".

Старшыня Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўважае, што калі б на выбарах перамог Мілошавіч, афіцыйны цэнтарвыбаркам ужо б абвесьціў вынікі выбараў. Лябедзька мяркуе, што зараз у Югаславіі зьявіўся шанц, таму што людзі гэтай краіны прадэманстравалі жаданьне быць інтэграванымі ў эўрапейскія структуры, і тое, што зараз адбываецца ў Югаславіі, пэўным чынам адбіваецца і на разгортваньні падзеяў у Беларусі.

У міністэрстве замежных справаў Беларусі пакуль не зьбіраюцца камэнтаваць вынікі выбараў у Югаславіі. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) "Па-першае, хачу сказаць, што пакуль што невядомыя афіцыйныя вынікі выбараў у Югаславіі, таму пакуль няма чаго камэнтаваць".

Павала Латушка сказаў, што калі будуць вядомыя афіцыйныя вынікі выбараў, ён абавязкова падасьць нашаму Радыё пазыцыю МЗС на гэты конт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG