Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 верасьня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Ідзе другі дзень пасьля прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў ў Югаславіі, а яшчэ няма афіцыйных вынікаў галасаваньня. Мяркуецца, што прэзыдэнт Мілошавіч стаіць перад найбольш сур'ёзным выклікам за ўсе 13 гадоў ягонага кіраваньня.

Сэрбская апазыцыя заявіла, што ейны кандыдат Ваіслаў Каштуніца набраў 55 адсоткаў галасоў, а Мілошавіч 35 адсоткаў. Аднак кіруючая кааліцыя цьвердзіць, што цяперашні прэзыдэнт набраў 45 асдоткаў галасоў, а Каштуніца ўсяго 40 адсоткаў. Прадстаўнік апазыцыі Ёванавіч заявіў, што калі ўрад будзе марудзіць з апублікаваньнем вынікаў выбараў, апазыцыя абвесьціць перамогу Каштуніцы. Ён заклікаў Цэнтральную выбарчую камісію
завершыць працу і адзначыў, што ейнае маўчаньне "бяспрэцэдэнтнае". Са свайго боку, старшыня Выбарчай Камісіі Вукічэвіч заявіў, што камісія працуе эфэктыўна і ў адпаведнасьці з законам, а афіцыйныя вынікі будуць вядомыя не раней, як у чацьвер.

Аднак факты сьведчаць хутчэй аб адваротным. У нядзелю камісія, якая сабралася ў будынку фэдэральнага парлямэнту, прыпыніла працу. Старшыня камісіі заявіў, што ён стомлены і падлік галасоў будзе адноўлены ў наступны дзень. Калі сябра камісіі ад Сэрбскай Радыкальнай партыі, а таксама прадстаўнікі апазыцыі ў камісіі супрацівіліся гэтаму, ахова загадала ім пакінуць будынак.

У той час, калі з моманту нядзельных выбараў прэзыдэнт Мілошавіч публічна не паказваецца, учора у Бялградзе ды іншых сэрбскіх гарадох дзясяткі тысячаў прыхільнікаў апазыцыі сьвяткавалі перамогу Каштуніцы. "Забі сябе Слабадан і выратуй Сэрбію", крычэлі удзельнікі акцыяў.

Улічваючы вынікі нядзельных выбараў, лідэр Сэрбскага Руху Аднаўленьня Вук Драшкавіч, а таксама лідэр Радыкальнай партыі Войслаў Шэшэль выказалі гатоўнасьць падаць у адстаўку. Кандыдат Радыкальнай партыі Ніколіч набраў ўсяго 6 адсоткаў галасоў. Вук Драшкавіч павіншаваў Каштуніцу з перамогай. "Спадзяюся, што Мілошавіч ухваліць волю народу і перадасьць уладу новаму прэзыдэнту мірным і цывілізаваным шляхам", – сказаў ён незалежнаму агенцтву навінаў БЭТА. Адначасова Драшкавіч выказаў шкадаваньне, што ягоная партыя не далучылася да блёку Дэмакратычнай Апазыцыі. Драшкавіч прызнаў, што ён асабіста і ягоная партыя зрабілі вялікую памылку. Замест таго, каб падтрымаць Каштуніцу, ён і кіраўніцтва партыі выставілі свайго кандыдата, мэра Бялграду Ваіслава Міхайлавіча, які на нядзельных выбарах набраў вельмі мала галасоў.

Між тым брытанскі гісторык і экспэрт у пытаньнях Балканаў Ноэль Малколм лічыць, што Мілошавіч зробіць усё магчымае, каб застацца пры ўладзе.

(Ноэль: ) "Адно не падлягае сумневу. Мілошавіч найбольш дбае пра сваю уладу. Ён дбае пра ўладу больш чым пра сэрбскі нацыяналізм, больш чым пра тэрыторыю, больш чым пра ідэалёгію. Зараз ягоная ўлада апынулася ў небясьпецы, і ён зробіць усё магчымае, каб захаваць яе".

Ноэль прадказвае, што Мілошавіч сфальсыфікуе вынікі выбараў, затым выкліча ўнутраны крызіс, які дасьць яму падставу для сілавой расправы над палітычнымі апанэнтамі ў Сэрбіі і Чарнагорыі. З другога боку, брытанскі гісторык лічыць, што для Каштуніцы, нават калі ён стане прэзыдэнтам, вельмі клапатлівым будзе пытаньне Косава. Каштуніца, як сэрбскі нацыяналіст, адкідае ўсялякую ідэю незалежнасьці Косава, у той час калі албанская большасьць у правіныі цалкам выключае магчымасьць заставацца ў скалдзе Югаславіі. Дарэчы, усемагчымыя махінацыі з боку Мілошавіча прадказвае таксама прэзыдэнт Харватыі Мэсіч. "Для Мілошавіча застацца пры ўладзе, гэта адзіная гарантыя застацца пры жыцьці не ў палітычным, але літаральным сэнсе", – заявіў прэзыдэнт Харватыі.

Згодна з папярэднімі вынікамі галасаваньня, Дэмакратычная апазыцыя перамагла таксама на парлямэнцкіх выбарах. У ніжэйшай Палаце парлямэнту – Грамадзянскай Радзе, яна набрала 54-56 мейсцаў, у той час калі кіруючая кааліцыя на чале з сацыялістамі 45-46 мейсцаў. У вышэйшай Палаце – Радзе Рэспублікаў, апазыцыя пакуль атрымала 10 галасоў, а прыхільнікі Мілошавіча – 7 мейсцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG