Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 25 верасьня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Больш за 74% выбаршчыкаў прынялі ўдзел ва ўчорашніх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах у Югаславіі. А пасьля іх заканчэньня тысячы прыхільнікаў апазыцыі выйшлі на вуліцы сэрбскіх гарадоў, каб сьвяткаваць заканчэньне 13-гадовай эры панаваньня Слабадана Мілошавіча.

Выбары, якія адбыліся ўчора ў Югаславіі, былі сапраўды ўсеагульнымі. Акрамя выбараў новага прэзыдэнта, грамадзяне Югаславіі абіралі дэпутатаў дзьвюх палатаў фэдэральнага парлямэнту, а таксама муніцыпальныя ўлады. На ўсіх узроўнях галасаваньня ў тым выпадку, калі ніводзін з кандыдатаў не набраў больш за 50% галасоў, праз два тыдні павінен адбыцца другі тур галасаваньня.

Міжнародныя камэнтатары адзначаюць высокую актыўнасьць выбаршчыкаў, а гэта павінна гарантаваць посьпех на ўсіх узроўнях галасаваньня апазыцыі. Галоўны каардынатар замежнай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу Гаўер Саляна лічыць, што актыўны ўдзел сэрбаў у нядзельных выбарах сьведчыць аб жаданьні сэрбскага народу вярнуцца назад у Эўропу.

Гуннар Вэйганд, прэсавы сакратар Крыса Паттэна, камісара ЭЗ у справах вонкавых адносінаў, заявіў наступнае:

(Вэйганд: ) "Гэта выразны знак, што сэрбскі народ у сваёй бальшыні хоча пераменаў, што яны прыйшлі на выбары, нягледзячы на сур'ёзнае запалохваньне, розныя манэўры, націскі, усялякія маніпуляцыі, накіраваныя супраць апазыцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі".

Брытанскі міністар замежных справаў Робін Кук заявіў, што ён мае верагодныя дадзеныя аб выразнай перамозе ўжо ў першым туры кандыдата апазыцыі Воіслава Каштуніцы. На ягоную думку, кожнае сьцьверджаньне Мілошавіча пра ягоную перамогу будзе фальсыфікацыяй. Кук падкрэсліў:

(Кук: ) "Мілошавіч – пераможаны, збанкрутаваны прэзыдэнт. Мы ведаем, што ён зьбіраецца фальсыфікаваць вынікі. Але маштаб ягонай паразы так значны, што ён ня ў стане зрабіць гэта. Я зьвяртаюся да яго: будзь сумленным са сваім народам, не падманвай яго. Сыйдзі з дарогі, і дазволь Сэрбіі выйсьці з турмы, у якую ты пасадзіў яе".

Усясьветная прэса адначае небясьпеку шырокамаштабнага фальшаваньня вынікаў з боку ўладаў. Невыпадкова яе прадстаўнікі напярэдадні выбараў выказвалі беспадстаўнае перакананьне ў сваёй перамозе. Міністар замежных справаў Югаславіі Зівадзін Ёванавіч у інтэрвію незалежнаму агенцтву Бэта заявіў, што ён перакананы ў перамозе Мілошавіча яшчэ ў першым туры. А прэм'ер-міністар краіны Момір Булатавіч увогуле выступіў з заявай, што Мілошавіч павінен застацца пры ўладзе, нягледзячы на вынік выбараў, да 2001 году.

Падобныя заявы сьведчаць, што Мілошавіч і ягоная партыя робяць усё магчымае, каб захаваць уладу і не затрымаюцца перад фальсыфікацыяй вынікаў выбараў. Тым больш, што на выбарах амаль няма міжнародных назіральнікаў. Улады Югаславіі не дазволілі краінам Эўрапейскага Зьвязу накіраваць сваіх назіральнікаў. Амаль няма тут і назіральнікаў ад міжнародных арганізацыяў. Паведамляецца толькі пра прыбыцьцё дэлегацыі ад камуністычнага Лаосу і некаторых іншых другарадных краінаў.

Паводле вынікаў апытаньня грамадзкай думкі, напярэдадні галасаваньня галоўны кандыдат апазыцыі Воіслаў Каштуніца, палітычныя погляды якога міжнародныя камэнтатары характарызуюць як "памяркоўна нацыяналістычныя", ажно на 10% апярэджваў Слабадана Мілошавіча.

Паводле першых папярэдніх вынікаў, абвешчаных апазыцыяй, гэты разрыў захаваўся і Каштуніца атрымаў 53% адсоткі галасоў.

Аднак паводле заявы прэсавага сакратара Сацыялістычнай партыі Сэрбіі, Ніколы Сайнавіча, на чале якой стаіць Мілошавіч, перамог цяперашні прэзыдэнт. Сайнавіч сьцьвярджае, што Мілошавічу аддалі свае галасы 44% выбаршчыкаў, а Каштуніцы толькі 41%.

У выбарах практычна не прыняло ўдзел насельніцтва Чарнагорыі. Паводле заявы дарадчыка прэзыдэнта Чарнагорыі Мілорада Вуйкавіча, выбары ў Югаславіі – гэта "палітычны фарс", накіраваны на яшчэ большае пашырэньне ўлады Слабадана Мілошавіча. У Чарнагорыі да выбарчых урнаў прыйшло толькі 27% выбаршчыкаў. Былі гэта амаль выключна прыхільнікі Мілошавіча.

Воіслаў Каштуніца, галоўны кандыдат апазыцыі на пасаду прэзыдэнта Югаславіі, пракамэнтаваў вынікі выбараў наступным чынам:

(Каштуніца: ) "Гэта вялікая перамога Сэрбіі, Югаславіі, усяго нашага народу. Паводле нашых дадзеных, мы атрымалі пераканаўчую перамогу ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў.
З якога б боку вы не разглядалі сытуацыю, наша перамога пераканаўчая. Слабадану Мілошавічу больш аўтаматычна не гарантуецца лідэрства, і я ўпэўнены, што гэта самы важны вынік выбараў у дадзены момант".

XS
SM
MD
LG