Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

(эфір 23 верасьня)
Усё больш насельнікаў Барысава далучаюцца да патрабаваньняў калектыўнага ліста да Аляксандра Лукашэнкі. Ліст гэты падпісалі 22 сям'і. Яны інфармуюць кіраўніка дзяржавы пра свой няўдзел у выбарах у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" і пра адмову плаціць за камунальныя паслугі, калі толькі гарадзкія ўлады не ліквідуюць да 15 кастрычніка у іхных кватэрах застарэлыя будаўнічыя недаробкі. З гэтае нагоды філія БСДП "Народная Грамада" зараз праводзіць у сваім горадзе адмысловы маніторынг.

Згаданая маніторынгавая група за некалькі дзён сваёй працы апытала блізу паўтысячы землякоў і прыйшла да высновы, што абсалютная бальшыня далучаецца да патрабаваньняў нядаўняга калектыўнага ліста жыхароў дома № 50 "А" з вуліцы Гагарына.

Гаворыць кіраўнік групы, актывіст філіі БСДП "Народная Грамада" Сяргей Сакалоў:

"Напрыклад, у доме № 1 вуліцы 50 год БССР людзі скардзяцца на тое, што зараз, калі пачаліся восеньскія дажджы, ім у кватэры трапляе вада праз шчыліны паміж падваконьнем і сьценамі. А ў доме № 50 на вуліцы Гагарына, як і ў суседнім доме 50 "А", працякаюць сьцены на стыках бакавых панэляў, а таксама цячэ вада праз столь. На верхнія паверхі не даходзіць пітная вада. Гарачая вада бывае чатыры дні на тыдзень і тое не заўсёды. Таму нам жыхары шчыра казалі, што яны галасаваць за кандыдатаў у дэпутаты ня пойдуць.:Гэткі ж настрой ёсьць і ў насельнікаў прыватнага сэктару Барысава. Напрыклад, жыхары вуліцы Сянная ды іншых прылеглых да яе вуліцаў патрабуюць ад уладаў рэгулярнага падвозу балёнаў звадкаванага газу. Іначай, кажуць яны, галасаваць на выбары ня пойдуць",

— зазначыў Сяргей Сакалоў і дадаў, што шмат хто з барысаўцаў, зьнявераныя ва ўладах, пачынаюць бачыць заступнікаў сваіх інтарэсаў у дэмакратычнай апазыцыі.

"Я падтрымліваю апазыцыю… Я на іх болей спадзяюся, чым на нашыя ўлады", — заявіла беспартыйная барысаўчанка, гаспадыня кватэры № 72 зь пяцідзясятага дому па вуліцы Гагарына Людміла Крукава.

Рэакцыя на калектыўны ліст да Аляксандра Лукашэнкі з боку мясцовых уладаў была нэгатыўная. Так, начальнік жыльлёва-камунальнае службы гораду Валянцін Ільлюшонак гэтую скаргу назваў палітычным фарсам апазыцыянэраў. Пакуль, як мне распавяла жыхарка дома № 50 "А" Ларыса Грэбнева, ніхто тут рамонтных работаў не распачынаў.

Таму сёньня спадарыня Грэбнева, якая да ўсяго ёсьць актывісткаю "Народнае Грамады", разам са сваімі аднадумцамі й суседзямі наладзіла несанкцыянаваную акцыю пратэсту з карыстаньнем элемэнтаў палітычнага пэрфомансу. Аднадумцам яна раздала плякаты з патрабаваньнем неадкладнае ліквідацыі будаўнічых недаробкаў, а свайго сабаку Джэсі апранула ў чырвоныя шорты й зялёную футболку, на шыю жывёліне насунула плякат: "Толькі я пайду на выбары".

Пікет-пэрфоманс праходзіў недалёка ад прахадной заводу рамонту радыёэлектроннага ўзбраеньня, дзе ў асноўным працуюць жыхары дамоў №№ 50 і 50 "А". Пад час акцыі сацыял-дэмакраты раздавалі мінакам паштоўкі з заклікамі ня браць удзелу ў выбарах у лукашэнкавы "Нацсход" ды 1 кастрычніка прыехаць у Менск на "Марш Свабоды-3".

XS
SM
MD
LG