Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

(эфір 23 верасьня)
Нашая карэспандэнтка Ганна Соусь сустрэлася ў Вільні зь першым прэзыдэнтам Летувы Альгірдасам Бразаўскасам і пацікавілася ягоным стаўленьнем да перадвыбарчае сытуацыі ў Беларусі.

(Карэспандэнтка: ) "Спадар прэзыдэнт, існуе пэўнае падабенства паміж тымі падзеямі, якія адбываліся ў Летуве ў 89-м годзе, калі летувісы лічылі ўсе савецкія ворганы ўлады нелігітымнымі й вырашалі, ці варта ўдзельнічаць у выбарах у Вярхоўны Савет Савецкага Саюзу, і цяперашняй перадвыбарчай сытуацыяй у Беларусі, калі апазыцыя таксама лічыць гэтак званую "Палату прадстаўнікоў" нелегітымным парлямэнтам, і вырашае для сябе пытаньне — ісьці ці ня йсьці на выбары. У свой час летувісы ўсё ж узялі ўдзел у выбарах, і гэтым у далейшым значна паспрыялі развалу Савецкага Саюзу. Зыходзячы зь летувіскага досьведу, як Вы лічыце, што было б больш вынікова для беларускай апазыцыі — байкатаваць выбары ці паўдзельнічаць у іх?"

(Альгірдас Бразаўскас: ) "Я інакш адкажу на Вашае пытаньне. Таксама пытаньнем. А якая застаецца іншая форма ўсталяваньня дэмакратыі ў дзяржаве? Няма другое формы. Толькі выбары. Легітымная ці нелегітымная сёньня ўлада ў Беларусі — гэтае пытаньне я зараз не абмяркоўваю. Гэта Вы лепш ведаеце самі, і маеце на гэты конт пэўную пазыцыю. Але я мяркую, што йснуе адзіны шлях — ісьці на выбары. Рэвалюцыя?.. Гэта мінулае стагодзьдзе. Пасьля 17-га году амаль не было рэвалюцыяў…"

(Карэспандэнтка: ) "А як тады можна назваць тыя падзеі, якія адбываліся ў Летуве напрыканцы васьмідзесятых?"

(Альгірдас Бразаўскас: ) "У нас была такая духоўная рэвалюцыя. Усё ж нам удалося пазьбегнуць гвалту, браты не паднялі адзін на аднаго руку. Гэта вельмі важна. І тое, што адбывалася ў 89-м годзе, пра што Вы кажаце, гэта было вельмі цяжка. Было вельмі моцнае супрацьстаяньне ў грамадзтве, але мы не знайшлі іншага шляху, акрамя выбараў. Праўда мяне абралі ад былое камуністычнае партыі, але мы ж атрымалі поўнае фіяска ў 90-м годзе. Нас засталося толькі дзевяць чалавек з 44-х у нашай партыйнай фракцыі. Гэта быў люты 90-га году, а ў сакавіку абвясьцілі незалежнасьць Летувы. Кампартыя раскалолася. Гэта было вельмі складана. У 91–92-м гадох нас перасьледвалі так, што не было куды падзецца, таму што нас было вельмі мала. Але ў 92-м годзе адбыўся цуд. Мы перамаглі і ўзялі 76 са 140 месцаў у парлямэнце. Усё ж у рэшце рэшт людзі патроху вызначаюцца і ў палітычных сытуацыях, і ў людзях, і ў лідэрах асобных партыяў".

(Карэспандэнтка: ) "І усё ж, спадар Бразаўскас, як Вы мяркуеце, ці варта беларускай апазыцыі легітымізаваць гэтак званую "Палату прадстаўнікоў", бяручы ўдзел у выбарах?"

(Альгірдас Бразаўскас: ) "Пытаньне — легітымная ці не легітымная ўлада ці парлямэнт, такі ён ці не такі — я ня буду цяпер абмяркоўваць. Але што далей? Ёсьць у Беларусі пэўныя палітычныя сілы, ёсьць партыі, якія знаходзяцца ў апазыцыі, ёсьць грамадзкія арганізацыі. Але як інакш можа разьвівацца працэс усталяваньня дэмакратыі, дэмакратычныя прынцыпы кіраваньня дзяржаваю? Я мяркую, што адзіны шлях — гэта йсьці на выбары".

— Зазначыў першы прэзыдэнт Летувы Альгірдас Бразаўскас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG