Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Пасьля 5 гадоў шчыльных узаемадачыненьняў Беларусь і Расея пачынаюць усё болей расчароўвацца ў Мытным саюзе. Зараз бакі ўсё больш настойліва робяць захады ў абароне сваіх дзяржаўных інтарэсаў.

Учора ў Воршы Аляксандар Лукашэнка чарговы раз нагадаў Маскве, што менавіта яна, а не Беларусь зьяўляецца "чорнай дзіркаю" ў Мытным саюзе. У Беларусь, — сказаў ён, — накіроўваецца на 250 мільёнаў даляраў тавараў, што праходзяць мытнае афармленьне ў Расеі ды ідуць з трэціх краінаў. У той жа час зь беларускай тэрыторыі ва ўсходнім кірунку адпраўляецца такіх тавараў усяго толькі на 60 мільёнаў. У выніку, зрабіў выснову Лукашэнка, страты ад мытнай інтэграцыі нясе найперш Беларусь, а не Расея.

З просьбаю пракамэнтаваць гэтыя выказваньні я зьвярнуўся да адказнага супрацоўніка менскага прадстаўніцтва расейскае мытні Аляксандра Варашылава:

(Варашылаў: ) "У нас няма гэтых лічбаў. Гэтыя лічбы агучаныя прэзыдэнтам Беларусі, беларускім бокам. Расейскі бок нідзе ніякіх лічбаў не называў.

Што расейскі, што беларускі бок, здаецца прыйшлі да думкі, што патрэбна кантраляваць таварныя плыні трэціх краінаў. Аднак старшыня нашага камітэту сьцьвярджае, што на мытні ня будзе ніякага кантролю для беларускіх тавараў. Для беларускіх тавараў мусіць быць "зялёны калідор". А вось калі з трэціх краінаў, дык мы іх падвяргаем мытнаму афармленьню", — сказаў Аляксандар Варашылаў.

Ён паведаміў, што зараз Дзяржаўны мытны камітэт Расеі распрацоўвае мэханізм статыстычнага дэкляраваньня тавараў трэціх краінаў, што накіроўваюцца зь Беларусі. Гэты крок мяркуецца зрабіць у адказ на прынятае сёлета ў студзені падобнае рашэньне беларускага боку. Тым самым, відавочны намер Масквы праводзіць ў дачыненьні да Беларусі прагматычную мытную палітыку.

Незалежныя беларускія экспэрты лічаць, што Лукашэнка таксама ўсьвядоміў, нарэшце, згубнасьць цяперашняга мытнага саюзу з Расеяй. Гаворыць кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка:

(Заіка: ) "Мы гэтыя падлікі рабілі і, паводле мінулагодніх вынікаў, сытуацыя была такая, што дзесьці каля 600 мільёнаў даляраў склалі страты Беларусі з тае прычыны, што тавары праходзілі мытнае афармленьне ў Расеі. Гэтыя грошы расейскія буйныя кампаніі не выплочвалі Беларусі, а ўся сума асядала ў расейскім бюджэце.

Кепска тое, што беларусы апамяталіся гэтак позна", — зазначыў Леанід Заіка.

Тым часам, улады Беларусі абвясьцілі пра цьвёрды намер зь 1 кастрычніка зьліквідаваць "чорную дзірку" ў сваёй мытнай прасторы з боку Расеі. Урад распрацоўвае зараз парадак падаткаабкладаньня тавараў трэціх краінаў, што будуць увозіцца з Расеі. Мяркуецца, што парушэньне гэтага парадку будзе мець жорсткія падатковыя і адміністрацыйныя наступствы. Калі ж вартасьць увозімых тавараў будзе пераўзыходзіць 2 тысячы мінімальных заробкаў, для парушальнікаў плянуецца ўстанавіць 3-гадовае зьняволеньне.

XS
SM
MD
LG