Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Замежныя тэхнічныя экспэрты, што знаходзяцца ў Беларусі дзеля назіраньня за выбарамі ў "Палату прадстаўнікоў", вывучалі прычыны, паводле якіх акруговыя камісіі і Цэнтравыбаркам адмовілі ў рэгістрацыі шэрагу кандыдатаў у дэпутаты.

Наколькі абгрунтаваныя адмовы ў рэгістрацыі амаль дзьвюм сотням удзельнікаў парлямэнцкае выбарчае гонкі? Знайсьці адказ на пытаньне, а значыць, і разабрацца ў гэтай справе спрабавалі сёньня тэхнічныя экспэрты зь Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека.

Паколькі беларускія законы для іх — справа складаная і цьмяная, у якасьці дарадцаў будуць выступаць прадстаўнікі шэрагу арганізацыяў. Сярод іх, напрыклад, Каардынацыйная рада ў назіраньні за выбарамі, якая аб'ядноўвае ўнутраных беларускіх назіральнікаў. Намесьнік старшыні Рады Ўладзімер Гудзееў у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што беларускія назіральнікі пачынаюць "шчыльна супрацоўнічаць з замежнымі тэхнічнымі экспэртамі". Паводле спадара Гудзеева, супрацоўнікі Каардынацыйнае рады абагульнілі прычыны адмоваў і перадалі іх тэхнічным экспэртам. Апошнія, пасьля вывучэньня дадатковых матэрыялаў, мяркуюць зрабіць запыты ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы.

Сёньня ўнутраныя беларускія назіральнікі маглі азнаёміцца і з адмысловай анкетаю, якой апошнім часам карыстаюцца міжнародныя арганізацыі пры выкананьні экспэртавае функцыі на выбарах. Кожная такая анкета, пры ўмове слушнага ейнага запаўненьня, будзе разглядацца як дакумэнт зь фіксаваньнем адпаведнага парушэньня практыкі свабодных і дэмакратычных выбараў.

XS
SM
MD
LG