Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 21 верасьня)
Сябры Беларускага Народнага Фронту пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі арганізавалі сёньня ўвечары ў цэнтры Менску сустрэчу з выбаршчыкамі, у часе якой яны людзям тлумачылі, чаму ня варта хадзіць на выбары 15 кастрычніка, а таксама раздавалі мінакам газэты з матэрыяламі, прысьвечанымі байкоту. Пасьля заканчэньня гэтай акцыі міліцыяй было затрымана шэсьць удзельнікаў сустрэчы. Сярод затрыманых, намесьнікі старшыні БНФ Юры Хадыка і Алесь Бяляцкі.

Прыкладна 30 сяброў БНФ разам са сваім кіраўніцтвам выйшлі сёньня ўвечары на менскі праспэкт Францішка Скарыны ў раёне пляцу Перамогі. Стаўшы ў чатырох кропках праспэкту й разгарнуўшы транспарант з надпісам "Сустрэча з выбаршчыкамі" фронтаўцы пачалі раздаваць людзям спэцыяльныя выпускі газэтаў "Народная Воля", "Наша свабода" і "Рабочы". Прафэсар Хадыка заняўся зборам подпісаў пад чатырма вядомымі патрабаваньнямі міжнародных структураў да беларускіх уладаў.

Сустрэча з выбаршчыкамі на працягу дзьвюх гадзінаў праходзіла даволі спакойна. Мінакі з ахвотаю бралі газэты й ставілі подпісы пад патрабаваньнямі міжнародных структураў. Праўда да ўдзельнікаў акцыі некалькі разоў падыходзілі міліцыянты й пыталі, ці ёсьць дазвол на правядзеньне гэтае акцыі. Арганізатары тлумачылі, што ў часе выбарчае кампаніі ніякіх дазволаў на правядзеньне сустрэчаў з выбаршчыкамі непатрэбна.

Затрыманьні пачаліся пазьней, калі акцыя скончылася. Да крамы "Акіян" пад'ехалі тры міліцэйскія машыны, зь якіх выскачылі ахоўнікі парадку й сталі хапаць людзей.

У выніку, у міліцэйскіх машынах апынуліся Юры Хадыка, Алесь Бяляцкі, Сяргей Міхноў, Валянцін Стэфановіч, Алена Рашэтнікава й Сяргей Шынкевіч. Усіх затрыманых павезьлі ў Партызанскі раённы аддзел міліцыі. Сьледам за затрыманымі апазыцыянэрамі ў пастарунак накіраваліся назіральнікі ад Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ. На затрыманых хутчэй за ўсё будуць складзеныя пратаколы паводле артыкулу 167.3 Адміністрацыйнага кодэксу (заклік да байкоту выбараў) і іхныя справы перададуць у суд.

Дарэчы, удзельнікаў байкоту выбараў затрымліваюць амаль штодня. А ў мікрараёне Паўднёвы-Захад два п'яныя міліцыянты зьбілі студэнта Ўладзімера Грыдзіна, які разам зь сябрам зьбіралі па кватэрах подпісы пад патрабаваньнямі міжнародных структураў. Прычым, з пачатку відаць не разабраўшыся, "ахоўнікі парадку" ў цывільным нават паставілі свае подпісы на лісьце, але потым сьцяміўшы пачалі забіраць у хлопцаў падпісныя аркушы.

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру "Вясна", з пачатку верасьня за заклікі да байкоту выбараў міліцыя затрымала ўжо больш 50 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG