Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 2000 г.


Віталь Тарас

Як нам стала вядома, сёньня старшыня Гомельскага абласнога грамадзкага аб'яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы", старшыня абласной арганізацыі АГП Віктар Карняенка падаў скаргу пракурору Гомельскай вобласці з нагоды спробы ўварвання ў ягоную прыватную сядзібу супрацоўнікаў міліцыі, якія патрабавалі ад яго выдаць газэту "Рабочий". Як паведаміла агентцва БелаПАН, напярэдадні ўвечары ў двух жыхароў Гомеля ўладамі былі канфіскаваныя 16,5 тысячаў асобнікаў спэцвыпуску газеты "Рабочий", прысьвечанага байкоту выбараў.
Мы зьвязаліся з Віктарам Карняенкам па тэлефоне.

(Карэспандэнт: ) "Які зьмест Вашай скаргі ў пракуратуру, пра што там гаворыцца?"

(Карняенка: ) "Сутнасьць у тым, што шасьцёра міліцыянтаў, чацьвёра зь якіх былі ў цывільнай вопратцы, зьявіліся ў мой прыватны дом і патрабавалі нейкую газэту. Па-першае, яны прыйшлі ў мой дом падманным шляхам – яны сказалі, што яны супрацоўнікі газэты "Рэспубліка", а пасьля паказалі пасьведчаньні міліцыянтаў. Гэта сьведчыць пра тое, што яны мелі ня тую мэту, якую афіцыйна мне засьведчылі.

Яны патрабавалі спачатку газэту "Рэспубліку", пасьля "Рабочий". Я абсалютна спакойна папрасіў гэтых людзей пакінуць маю тэрыторыю і не перашкаджаць мне займацца тымі справамі, якія я рабіў. Калі яны зразумелі, што нахабна пытаньне ня можа быць вырашанае (дарэчы, кіраваў гэтай экспэдыцыяў палкоўнік Раманаў, намесьнік кіраўніка ўправы ўнутраных справаў аблвыканкаму), яны пачалі мне тлумачыць, што яны, маўляў, як сябры зайшлі. Гэта, дарэчы, адбывалася ў прысутнасьці сьведкаў (у мяне сябры знаходзіліся). Пасьля 10-15 хвілінаў размовы гэтыя людзі пакінулі тэрыторыю маёй сядзібы, і я адразу напісаў скаргу пракурору. Пакуль што адказу няма, як няма ў мяне і асаблівых спадзяваньняў на прынцыповасьць нашай пракуратуры".

(Карэспандэнт: ) "Вы перадалі гэта лістом ці асабіста занесьлі гэта ў пракуратуру?"

(Карняенка: ) "Не, я паслаў лістом з паведамленьнем".

(Карэспандэнт: ) "Пасьля гэтага былі нейкія званкі?"

(Карняенка: ) "Не".

Гутарыў

XS
SM
MD
LG