Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 21 верасьня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Дзяржаўная дума Расеі прыняла ўчора ў першым чытаньні заканапраект пра выбары дэпутатаў у парлямэнт расейска-беларускае хаўруснае дзяржавы. Намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька лічыць, што калі беларускай апазыцыі ўдасца дабіцца непрызнаньня гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў», дык тады будзе прасьцей зрабіць нелегітымнымі й выбары ў саюзны парлямэнт.

Заканапраект, які цалкам называецца «Аб выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Парлямэнту Саюзнае Дзяржавы першага скліканьня ад Расейскае Фэдэрацыі», быў унесены ў Думу прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Адразу варта адзначыць, што думцы падтрымалі закон амаль адзінадушна. За ягонае прыняцьцё прагаласавала 338 дэпутатаў, супраць — 23, устрымаліся — 3.

Адзін з дэпутатаў, камуніст Валянцін Раманаў, з задавальненьнем адзначыў цяперашнія настроі расейскага грамадзтва: «Калі мы ў 1996-м дэнансавалі Белавескія пагадненьні, нас размазывалі па ўсіх каналах і газэтах. А цяпер мы прымаем закон пра адзіны парлямэнт саюзнае дзяржавы, і ўсе — за». Зрэшты, як здаецца, калі й варта зьдзіўляцца, дык хіба таму, што знайшліся ажно 23 дэпутаты, якія прагаласавалі супраць.

Заканапраект прадугледжвае, што ад Расеі ў агульны парлямэнт будзе абрана 75 дэпутатаў па аднамандатных акругах, ад Беларусі — 28. Некаторыя думскія дэпутаты ўжо выказалі пад час дыскусіі неўразуменьне гэтымі лічбамі. Па-першае, гэта не адпавядае прапорцыям колькасьці выбаршчыкаў у дзьвюх краінах. Як вядома, жыхароў Расеі ў 15 разоў больш за беларускіх. І па-другое, лічба 75 дэпутатаў вельмі нязручная для Расеі, у якой 89 суб'ектаў Фэдэрацыі. Некалькі рэгіёнаў будуць мець аднаго дэпутата. Да таго ж палату мяркуецца фармаваць выключна паводле мажарытарнае сыстэмы, што таксама многім у Расеі не падабаецца.

Намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька знаходзіць сувязь паміж выбарамі ў беларускую «Палату прадстаўнікоў» і прыняцьцём закона пра выбары ў хаўрусны парлямэнт:

(Лябедзька: ) "Легітымізацыя беларускага рэжыму, легітымізацыя "палаты" – гэта падрыхтоўка глебы для рэалізацыі выбараў у саюзны парлямэнт. І калі беларуская "палата" будзе легітымізаваная, то фактычна ня будзе ніякіх такіх перашкодаў, каб яны агульнымі намаганьнямі арганізоўвалі і праводзілі такія выбары. Што датычыць стаўленьня аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі, то я абсалютна ўпэўнены, што яно будзе адмоўным, і нам на гэтым этапе трэба не дапусьціць прызнаньня "палаты прадстаўнікоў". Гэта першы крок, першая задача. Калі мы яе выканаем, то нам будзе значна прасьцей зрабіць нелегітымнымі і выбары ў так званы саюзны парлямэнт".

Тым часам віцэ-прэм'ер Беларусі, прадстаўнік прэзыдэнта ў ворганах інтэграцыі Леанід Козік паведаміў, што выбары ў агульны парлямэнт ня здолеюць адбыцца ўвесну наступнага году. Выбарчая кампанія можа распачацца не раней як «на працягу шасьці месяцаў пасьля прыняцьця адпаведнага закону. А новы склад беларускае «Палаты прадстаўнікоў» можа прыступіць да разгляду дакумэнтаў не раней студзеня.

XS
SM
MD
LG