Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 верасьня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Ці можна караць заклікі да байкоту выбараў паводле Адміністрацыйнага кодэксу, калі Выбарчы кодэкс іх не забараняе, і ці зможа балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Ярмошын, які нарадзіўся ў Расеі? На гэтыя пытаньні адказваў сёньня старшыня "Канстытуцыйнага суду" Рыгор Васілевіч.

Выпадак з канфіскаваным нумарам газэты "Рабочы", якая надрукавала заклікі да байкоту выбараў, за што быў аштрафаваны галоўны рэдактар Віктар Івашкевіч, засьведчыў супярэчнасьці паміж старым Адміністрацыйным ды новым Выбарчым кодэксамі. Стары прадугледжвае пакараньне заклікаў байкатаваць, а новы іх не забараняе.

Адказваючы на пытаньне пра гэтыя супярэчнасьці, прызначаны Лукашэнкам старшыня "Канстытуцыйнага суду" Рыгор Васілевіч перш за ўсё заявіў: тут праблема ёсьць. Хоць ён і згадаў, што ў пэўных эўрапейскіх краінах, напрыклад Бэльгіі, існуюць штрафы нават за няўдзел у выбарах, далей спадар Васілевіч заявіў:

"У нашай сытуацыі, калі гэтая норма ёсьць у Выбарчым кодэксе і гэта сапраўды навейшы кодэкс (і заўжды было ў праве, а цяпер у законе пра нарматыўныя праўныя акты запісана ў студзені 2000 году, што новы акт, які ўсталёўвае новыя правілы, мусіць мець прыярытэт, вяршэнства), дык безумоўна, трэба знаходзіць рашэньне", — сказаў старшыня "Канстытуцыйнага суду".

Але Рыгор Васілевіч адразу дадаў, што ўсялякая дзяржава, улада не зацікаўленая ў зрыве выбараў, таму, на ягоную думку, патрэбны пэўны кампраміс, бо калі байкот мае агульнадзяржаўны маштаб, гэта нельга ацэньваць як пазытыўную зьяву, — лічыць спадар Васілевіч. Цікава, што ягоны суд плянуе разглядаць не стары Адміністрацыйны, а новы Выбарчы кодэкс.

"Мы гатовыя ў Канстытуцыйным судзе спраўдзіць канстытуцыйнасьць гэтае нормы Выбарчага кодэксу. Няхай уносяць — мы разгледзім. Калі ёсьць гэтая норма ў Выбарчым кодэксе, якая дазваляе грамадзянам рабіць падобныя высновы — калі заканадаўца так вырашыў — дык, можа быць, трэба знаходзіць варыянты, каб не была ўсё ж шырока прадстаўленая дзейнасьць у байкатаваньні выбараў. Наогул — каб байкоту, публічных заклікаў не было", — заявіў спадар Васілевіч.

Адначасова, паводле ягоных словаў, можна зрабіць і так, каб грамадзяне, якія няслушна зразумелі Выбарчы кодэкс і таму заклікалі да байкоту, не былі прыцягнутыя да адказнасьці…

Яшчэ адна выбарчая праблема можа паўстаць у будучыні. Лукашэнкава рэдакцыя Канстытуцыі сьцьвярджае, што прэзыдэнтам можа стаць толькі грамадзянін Беларусі паводле нараджэньня. Ці зможа балятавацца ў прэзыдэнты цяперашні прэм'ер Ўладзімер Ярмошын, які нарадзіўся ў Разанскай вобласьці Расеі? — запытаў я спадара Васілевіча і атрымаў гэткі адказ:

"Можна мне сказаць: давайце пачакаем. То бок пазьбегнуць адказу. Давайце пачакаем крыху гэтае выбарчае кампаніі і тады будзем вырашаць, якая будзе працэдура, падставы для вылучэньня, і будзем казаць пра канкрэтных асобаў", — заявіў Рыгор Васілевіч, старшыня "Канстытуцыйнага суду", дадаўшы, што ён мае гатовы адказ, аднак пабойваецца, што ня ведае некаторых тонкасьцяў, таму, цытую, пытаньне патрабуе вывучэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG