Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Міжнародны валютны фонд вітае ўсталяваньне ў Беларусі адзінага абменнага курсу замежных валютаў, але да аднаўленьня крэдытаваньня пакуль яшчэ далёка. Пра гэта заявіў сёньня прадстаўнік МВФ у Летуве ды Беларусі Марк Гортан.

У часе штогадовых сходаў Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку, што пройдуць у Празе на наступным тыдні, афіцыйныя ўлады Беларусі спадзяюцца пераканаць МВФ у неабходнасьці аднавіць крэдытаваньне Менску. Падставаю для гэтага яны лічаць усталяваньне адзінага курсу беларускага рубля, чаго даўно патрабаваў Міжнародны валютны фонд.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнік МВФ у Летуве ды Беларусі Марк Гортан ухваліў лібэралізацыю беларускага валютнага рынку. Ён зазначыў, што адзіны курс будзе мець пазытыўны ўплыў на эканамічныя ўмовы ў Беларусі ў сярэдняй пэрспэктыве.

Але ўлады кажуць, што яны пайшлі на сур'ёзныя ахвяры, таму МВФ мусіць іх ацаніць. Гаворыць міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Шымаў:

"Маюцца істотныя, у пэўнай ступені нэгатыўныя наступствы для кароткатэрміновае пэрспэктывы Рэспублікі Беларусь, асабліва для фінансавага становішча суб'ектаў гаспадараньня. Але гэта крок неабходны", — заявіў міністар Шымаў.

Паводле ягоных словаў, беларуская дэлегацыя ў Празе спадзяецца дакладна зарыентавацца ў сыстэме каардынатаў усясьветнай эканомікі, і гэта надзвычай важна для Менску, бо вонкавы чыньнік мае вельмі йстотны ўплыў на эканамічнае разьвіцьцё Беларусі. Яшчэ адна мэта паездкі ў Прагу — паспрабаваць атрымаць ад МВФ крэдыт CCFF, надзвычайнага кампэнсацыйнага фінансаваньня, на які Менск ужо два гады разьлічвае.

"Мы будзем казаць пра неабходнасьць разгляду мажлівасьці надзвычайнага кампэнсацыйнага фінансаваньня, паколькі фінансавы крызыс у Расеі ды ўсясьветны фінансавы крызыс вельмі балюча ўдарыў па суб'ектах гаспадараньня нашае краіны, і мы ў прынцыпе дагэтуль ад таго фінансавага ўдару не адышлі", — сказаў спадар Шымаў. Ён таксама заклікаў МВФ перагледзець сваю пазыцыю што да крэдыту стэнд-бай для Беларусі.

Гэты крэдыт памерам 293 мільёны даляраў быў ухвалены яшчэ на пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, але Менск атрымаў толькі першую частку стэнд-баю — 66 мільёнаў даляраў, а іншыя былі замарожаныя. Цяпер бакі дамаўляюцца толькі пра нефармальную праграму супрацоўніцтва на кароткі пэрыяд, каб адсочваць пэўныя фінансавыя мэты ды структурныя ўмовы. Толькі гэткі маніторынг, на думку МВФ, можа стварыць падмурак для стэнд-баю.

Але на маё пытаньне, калі ж МВФ адновіць крэдытаваньне Беларусі, прадстаўнік фонду ў Летуве ды Беларусі Марк Гортан адказаў так:

"Найважнейшая рэч — пасьля гэтых штогадовых сходаў ня рухацца асабліва хутка да абмеркаваньня гэтае нефармальнае праграмы" — сказаў спадар Гортан.

Што да надзвычайнага кампэнсацыйнага фінансаваньня або ССFF, дык гэты крэдыт МВФ прызначаны толькі для тых краінаў, што залежаць ад аднаго тыпу экспарту. Марк Гортан падаў прыклады такога экспарту: "Медзь, бананы або нейкі спэцыфічны тып прадукту, што вельмі залежыць ад зьменаў усясьветных цэнаў".

Відавочна, што Беларусь ня ёсьць бананавай рэспублікаю. МВФ кажа так: спачатку стэнд-бай, потым CCFF.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG