Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка днямі даручыў ураду праз год давесьці сярэдні заробак беларусаў да 100 даляраў на месяц. Гэтым самым ён прызнаў надзвычай нізкі ўзровень жыцьця ў краіне. На сёньня каля паловы беларусаў жыве менш чым на адзін даляр у дзень, што лічыцца ў сьвеце ўзроўнем галечы.

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік паведаміў, што на чарговым штогадовым сходзе МВФ і Ўсясьветнага банку напрыканцы верасьня ў Празе будзе разглядацца даклад пра ўзровень беднасьці ў сьвеце. Згодна з мэтодыкамі Ўсясьветнага банку на падставе афіцыйнае статыстыкі й вывучэньня хатніх гаспадарак праблема беднасьці была вывучаная і ў Беларусі.

Пра вынікі гаворыць кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку Сяргей Кулік:

"Паводле нашых зьвестак, у першай палове 2000 году адсотак жыхароў у Беларусі, якое жыве менш чым на 1 даляр у гарадзкіх раёнах складала 44 адсоткі, у сельскіх — 52,7 адсоткі", — паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Сяргей Кулік.

Паводле ягоных словаў, у цэлым колькасьць бедных у краінах былога СССР за апошнія дзесяць гадоў вырасла ў 10 разоў. Хаця ён і зазначыў, што нельга перабольшваць дабрабыт людзей у час позьняга СССР.

Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Шымаў лічыць гэтыя ацэнкі неадэкватнымі рэчаіснасьці, паколькі ня ўлічваюцца пры гэтым нізкія кошты грамадзкага транспарту, камунальных паслугаў ды іншага. На ягоную думку, з эканамічнага пункту гледжаньня няслушны наўпросты перавод даходаў людзей паводле афіцыйнага курсу й супастаўленьне іх зь іншымі краінамі. Заўсёды ўжываецца паняцьце парытэту пакупніцкае здольнасьці ды на ягонае падставе робіцца выснова пра дабрабыт людзей тае ці іншае краіны. Шымаў паведаміў, што вывучэньне праблемы даходаў у Беларусі праводзілася ў 93-м і 98-м гадох паводле гэткіх мэтодыкаў і вынікі былі іншыя, больш суцяшальныя.

Гаворыць мінстар эканомікі Ўладзімер Шымаў:

"Парытэт пакупніцкае здольнасьці лічыўся па набору тавараў з 1200 найменьняў. У першым выпадку агульны сярэдні даход быў вылічаны на 490, у другі раз — 510 даляраў у месяц", — сказаў міністар эканомікі Шымаў.

Паводле ягонага перакананьня людзі ў Беларусі жывуць лепш, чым у Расеі, Украіне ды іншых краінах СНД.

Тым ня менш можна прызнаць, што Шымава абверг сам Лукашэнка, які 13 верасьня заклікаў урад змагацца зь беднасьцю жыхароў краіны й дамагчыся праз год сярэднямесячнага заробку 100 даляраў.

У міністэрстве статыстыкі фактычна пацьвердзілі лічбы Ўсясьветнага банку. Як паведаміла супрацоўніца гэтага міністэрства Ірына Булгакава, мяжа беднасьці — гэта значыць, мінімальны спажывецкі бюджэт — у Беларусі цяпер складае 31 тысячу 276 рублёў. І менш гэтае сумы мае 44,4 адсоткі жыхароў нашае краіны.

XS
SM
MD
LG