Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Пакуль з нагоды паліўнага крызысу страйкуюць эўрапейскія кіроўцы, у Беларусі чарговы раз павялічаныя цэны на нафтапрадукты. А ці здольныя беларускія кіроўцы на страйк? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да розных асобаў, хто мае дачыненьне да транспарту.

У верасьні ў Беларусі двойчы павялічваліся цэны на нафтапрадукты. Папярэдняе падвышэньне, нагадаем, адбылося 5 верасьня. Апошняе — 16 верасьня. Цяпер загадам канцэрну "Белнафтахім" зацьверджаныя наступныя цэны на аўтабэнзыны: 76-ты — 361 рубель за літар, 92-і — 459, 95-ты — 526 рублёў. Адзін літар дызэльнага паліва цяпер каштуе 335 рублёў.

Пакуль ніхто ня выказаў публічнага абурэньня гэтым падаражэньнем. Ані перавозчыкі, ані транспартныя кампаніі, ані прафсаюзы, ані звычайныя кіроўцы.

А ці здольныя наогул беларускія кіроўцы страйкаваць дзеля адстойваньня сваіх правоў? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася ў Беларускую асацыяцыю аўтамабільных перавозчыкаў. Як лічыць ейны прадстаўнік Валеры Новік, у Беларусі пакуль да страйку ня дойдзе, нягледзячы на тое, што беларускія цэны на паліва ўжо амаль роўныя эўрапейскім. Проста падаражэюць транспартныя паслугі, і тыя, хто іх замаўляюць, будуць вымушаныя плаціць больш, — зазначыў Яўген Новік.

У арэндным прадпрыемстве "Менскгрузаўтатранс" таксама мяркуюць, што час страйкаваць для беларускіх кіроўцаў яшчэ не надыйшоў, і так хапае праблемаў. Распавядае галоўны інжынэр прадпрыемства Яўген Яшкін:

"Справа ў тым, што ў нас няма грошай для набыцьця нават таннага паліва, ня тое, што дарагога. Чаго страйкаваць, калі мы ўжо не адзін год шукаем, за што набыць паліва. Бярэм крэдыты, каб выплаціць заробкі, потым ізноў бярэм крэдыты… Увесь час мы знаходзімся ў жудасным стане, і таму гэтая праблема для нас — другасная. Чаго тут страйкаваць, калі й так кіроўцы выходзяць на працу кожны дзень", — зазначыў Яўген Яшкін.

Я запыталася ў звычайнага кіроўцы, ці не надакучылі яму бясконцыя падаражэньні паліва, і ці ня здолее ён страйкаваць з-за гэтага? Адказвае Лявон Зайцаў:

"Я гатовы да страйку, мяркую, і мае сябры гатовыя да страйку, таму што цэны на паліва ўвесь час павялічваюцца. Але цяпер спрачацца з нашым кіраўніцтвам ня мае сэнсу, поколькі мы нічога ня можам зьмяніць. Нарэшце, у такіх выпадках у нармальных краінах пачынаецца страйк. Але адныя кіроўцы нічога ня здолеюць. Трэба праводзіць нейкую працу, каб упэўніць транспартнікаў, што й мы ўяўляем сабою сілу", — мяркуе Лявон Зайцаў.

А ў Рэспубліканскім камітэце Беларускага прафсаюзу работнікаў аўтамабільнага транспарту й дарожнае гаспадаркі мяркуюць, што ўсе ўжо звыкліся з павелічэньнямі коштаў на паліва, і беларускія кіроўцы не распачнуць страйк. Тым больш, што, як адзначыў старшыня Рэспубліканскага камітэту Іван Баравы, беларускія кіроўцы нічога самі ня плацяць, плацяць уладальнікі, а гэта —дзяржаўныя прадпрыемствы.

Ніхто з апытаных нават і не ўзгадаў, каб калі-небудзь беларускія кіроўцы распачыналі страйкі з нагоды павелічэньня цэнаў на паліва ці з-за ягонага недахопу. Заўжды стаялі ў доўгіх чэргах на запраўках, часам на працягу ночы, і заўжды паслухмяна плацілі за паліва, нягледзячы на кошты.

XS
SM
MD
LG