Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Тэхнічныя экспэрты зь Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, якія знаходзяцца ў Беларусі, пакінуць краіну ў дзень выбараў. Такую заяву зрабіў сёньня кіраўнік Бюро Жэрар Штудэман, які на адзін дзень прыляцеў у Менск.

15 кастрычніка, калі ў Беларусі будуць праходзіць выбары ў "Палату прадстаўнікоў", замежныя тэхнічныя экспэрты пакінуць краіну. У Менску застанецца толькі Элізабэт Расмусан — кіраўніца групы экспэртаў. Такую заяву зрабіў сёньня на паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў швэйцарац Жэрар Штудэман, які ўзначальвае Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека — структурнага аддзелу АБСЭ.

Спадар Штудэман прыляцеў у Менск на 24 гадзіны дзеля таго, каб, паводле ягоных словаў, "група пачала апэратыўна й плённа працаваць". Кіраўнік Бюро акцэнтаваў увагу прысутных на колькасным складзе тэхнічных экспэртаў. Іх восем чалавек. Такая абмежаваная колькасьць супрацоўнікаў таксама падкрэсьлівае іхную ролю — у такім складзе выконваць назіраньне нават фізычна немагчыма.

Жэрар Штудэман паведаміў апазыцыйным палітыкам пра тое, што ён ужо сустракаўся з старшынёй Цэнтарвыбаркаму Ярмошынай, першым намесьнікам міністра замежных справаў Мартынавым, кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Мясьніковічам. Пад час гэтых гутарак кіраўнік Бюро ўзьняў чатыры праблемы, зьвязаныя з выбарамі.

Па-першае, ён прасіў Цэнтарвыбаркам быць больш лібэральным пры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Па-другое, на прыкладзе газэты "Рабочы" выказаў непаразуменьне таго, што Адміністрацыйны кодэкс, які прадугледжвае пакараньне за заклікі да байкоту выбараў, ставіцца вышэй, чым Выбарчы кодэкс, які не прадугледжвае пакараньня і які прыняты значна пазьней. Трэцяя пазыцыя — заклік з боку спадара Штудмана да вышэйшых асобаў Беларусі, каб яны забаранілі ўмяшаньне выканаўчых уладаў у выбарчую кампанію.

Тут цікава дадаць, што кіраўнік Бюро ў гэтай сувязі сказаў наступнае (далей цытую): "Я не наіўны чалавек, і я ня думаю, што калі нават адапаведная заява будзе зробленая, выканаўчыя ўлады спыняць свой кантроль над выбарчым працэсам. Але для нас вельмі важна атрымаць такі публічны заклік".

І, нарэшце, чацьвертае — Жэрар Штудэман прасіў беларускія ўлады, каб заплянаваны на 1 кастрычніка "Марш Свабоды" прайшоў бяз гвалту й рэпрэсіяў.

Удзельнік сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных партыяў Уладзімер Нісьцюк так ацаніў прыезд у Менск кіраўніка Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека:

(Нісьцюк: ) "Мяне задаволіла тое, што Эўропа прыслухалася да нашых думак, да нашых пажаданьняў. Яна рэальна ацэньвае сытуацыю ў Беларусі і рэальна ўплывае на яе. У Беларусь не накіраваныя назіральнікі. Зараз заехала невялікая група тэхнічных спэцыялістаў, сярод якіх нават студэнты, якія ня маюць вышэйшай адукацыі. Гэта вельмі цікава, што прыехалі маладыя тэхнічныя спэцыялісты, якія займаюцца гэтым пытаньнем. І самае цікавае, што мы сёньня пачулі і ўбачылі ў першых кроках гэтай групы, гэта тое, што яна працуе вельмі карысна".

Гэта быў адзін зь лідэраў "Народнае Грамады" Ўладзімер Нісьцюк.

XS
SM
MD
LG