Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст першы. 20 верасьня 2000 г.


Аляксандар Лукашук

20 верасьня 2000 г.

Гувэраўская вежа, дзе я зараз знаходжуся, – самы высокі будынак у Стэнфардзе і на дзясяткі міляў навокал. З адзінаццатага паверху, дзе месьціўся працоўны кабінэт 31-га амэрыканскага прэзыдэнта, добра відаць, што Каліфорнія – штат пераважна двух-трохпавярховых драўляных дамкоў, крытых дранкай. У Беларусі таксама нават за часам дэфіцытнага шыферу і яшчэ больш дэфіцытнай бляхі ўмелі крыць дах невялікімі, тонка надранымі з калоды дошчачкамі.

Вясковы пэйзаж Каліфорніі тлумачыцца тэктанічнымі прычынамі – драўляныя пабудовы самыя бясьпечныя ў часе землятрусаў, якія чуйныя сэйсмолягі рэгіструюць тут ці не штотыдня. «Быццам тэр'ер шкамутае пацука» – так адзін мясцовы прафэсар перадаваў свае ўражаньні ад разбуральных падземных штуршкоў 1906 году. Апошні землятрус адбыўся сёлета на пачатку верасьня – ноччу крыху пагойдала, назаўтра ўсе мужна дзяліліся ўражаньнямі, але я тут нічога не дадам, бо свой першы каліфарнійскі землятрус праспаў...

Аляксандар Салжаніцын, які працаваў у Гувэраўскай вежы пад час свайго амэрыканскага выгнаньня, называе яе "лепшым сховішчам гісторыі рэвалюцыі", Маргарэт Тэтчар лічыць "незаменным" уклад Гувэраўскага інытытуту ў перамогу ў халоднай вайне, як "стымулюючы асяродак для сумеснай працы выдатных навукоўцаў" характарызуе яго Нобэлеўскі ляўрэат эканаміст Мілтан Фрыдман. Гувэраўскі інстытут ці, як тут кажуць, проста Гувэр уключае біліятэку з блізу двума мільёнамі тамоў і архіў, дзе захоўваюцца 50 мільёнаў дакумэнтаў – калі багацьці Гувэра паставіць на адну паліцу, яна працягнецца на 25 міляў.

У моцны землятрус 1989 году, які зруйнаваў у Каліфорніі новыя бэтонныя эстакады і масты, на Гувэраўскай вежы, пабудаванай яшчэ перад вайной, ня вылецела нават шыбіна – толькі з паліцаў на верхніх паверхах там сям павыпадалі кніжкі. Супрацоўнікі ўжо ня памятаюць, ці рассыпалася беларуская калекцыя на 9-м паверсе, але я знайшоў у поўным парадку і выданьні Рады БНР, і кніжкі з друкарні Марціна Кухты, і "Гутаркі аб небі і зямлі", выпушчаныя ў Пецярбургу ў 1907 годзе. Па "Лемантару" Янкі Станкевіча можна хоць зараз вучыць дзяцей беларускай лацінцы, а хто будзе лайдачыць, таму трэба прачытаць страшнае апавяданьне пра ваўка зь месячніка "Лучынка", які ў 1914 годзе ў менскай электрадрукарні Нахумава выпускаў легендарны рэдактар "Нашай Нівы" Аляксандар Уласаў.

Уласаў нарадзіўся 16 жніўня 1874 году. Сын каваля і квакерскай прапаведніцы Гэрбэрт Гувэр на шэсьць дзён раней. Абодва вучыліся на інжынэраў, выдавалі кнігі, займаліся асьветніцкай дзейнасьцю, закладалі біліятэкі, займалі выбарчыя пасады. Памятаюць і шануюць іх на радзіме вельмі па-рознаму.

Гэрбэрт Гувэр, першы выпускнік Стэнфардзкага ўнівэрсытэту, да саракагадовага ўзросту займаўся будоўляй шахтаў і здабычай золата, вугля, медзі ў Кітаі, Аўстраліі, Расеі, у Афрыцы ды іншых далёкіх ад Амэрыкі месцах. Зарабіўшы грошай, два наступныя дзесяцігодзьдзі ён займаў, як кажуць амэрыканцы, публічныя пасады. Узначальваў АРА – амэрыканскую арганізацыю дапамогі, якая ратавала ад голаду дзясяткі мільёнаў эўрапейцаў пасьля першай усясьветнай вайны, у тым ліку і ў Беларусі. У 20-я гады Гувэр быў уплывовым сакратаром гандлю ў адміністрацыях прэзыдэнтаў Уорэна Гардынга і Кэвіна Куліджа, а ў 1928-м перамог на прэзыдэнцкіх выбарах сам.

Гувэр асабіста праектаваў вежу – свой падарунак альма матэр – і назіраў за будаўніцтвам. Пад час ўрачыстага адкрыцьця ён так акрэсьліў мэту новай установы: "Спрыяць міру. Матэрыялы, сабраныя тут, супрацьстаяць усім, хто выступае за вайну. Яны павінны прыцягваць усіх, хто шукае мір". Калекцыю Гувэр пачаў зьбіраць у 1914 годзе, пад час першай усясьветнай вайны. Цырымонія адкрыцьця вежы адбывалася 20 чэрвеня 1941 году – дакумэнты бліжэйшага будучага складуць ці не самую значную частку архіву.

Беларускі разьдзел бібліятэкі налічвае больш за пяць тысячаў выданьняў, у тым ліку больш за сотню назваў розных газэтаў, часопісаў, альманахаў. У інфармацыйным буклеце архіву гаворыцца (цытую): "У справах Беларусі захоўваюцца матэрыялы Беларускага Вызвольнага Фронту зь Лёндану, Беларускай Цэнтральнай Рады зь Ню-Ёрку і сёньняшняга Беларускага Народнага Фронту ў Беларусі". У архіўных цёмна-шэрых скрынках зь цьвёрдага кардону чакаюць вывучэньня сьведчаньні пра жыцьцё пад акупацыяй, савецкую партызанку, лісты вязьняў сталінскіх лягераў. Лістоў Аляксандра Ўласава ў калекцыі няма – на час адкрыцьця Гувэраўскай вежы яго ўжо тры месяцы не было ў жывых – забілі ў турме.

Ягоны аднагодак Гэрбэрт Гувэр, пакінуўшы Белы Дом у 1933 годзе, працягваў служыць сваёй краіне – пісаў кнігі (агулам тры дзясяткі), займаўся дабрачыннасьцю, ягоны досьвед запатрабавалі прэзыдэнты Трумэн і Эйзэнхаўэр. Адэпт тэхнічнага прагрэсу, удзельнік самай першай тэлеперадачы ў 1927 годзе, Гувэр дачакаўся масавага разьвіцьця тэлебачаньня, палёту першага амэрыканскага астранаўта і, перажыўшы Джона Кэнэдзі, памёр у 1964 годзе ва ўзросьце 90 гадоў.

Хто з больш-менш вядомых беларускіх дзеячоў у 20-м стагодзьдзі можа пахваліцца прыстойным векам – хіба толькі эмігранты, якія сваечасова пакінулі Бацькаўшчыну...

Штогод з калекцыяй Гувэра працуюць каля сямі тысячаў чалавек – амэрыканскія дасьледчыкі, навукоўцы з сарака краінаў, але больш за ўсё – студэнты Стэнфардзкага унівэрсытэту, часткай якога зьяўляецца Гувэраўскі інстытут. Навучальны год яшчэ не пачаўся, ва ўнівэрсытэцкім гарадку параўнальна ціха – супрацоўнікі гавораць, што гэта зацішак перад бурай. Мяне ўжо папярэдзілі, што самае небясьпечнае тут – не землятрусы, а студэнты і студэнткі на роварах.

Што ж, пабачым – я і сам кожную раніцу кручу педалі праз палі Стэнфардзкай фэрмы, пальмавыя алеі, якія не даюць аніякага ценю, далей пад крытымі калянадамі, дзе ёсьць паратунак ад бязьлітаснага каліфарнійскага сонца, праяжджаю чатыры зь 17 унівэрсытэцкіх бібліятэкаў, кніжную краму, банк, пошту, дзьве ці тры вулічныя кавярні і падымаюся на Гувэраўскую вежу – самае беларускае месца на ціхаакіянскім узьбярэжжы Амэрыкі.

Вось тут мне і сказалі, што я не падобны да беларуса, бо беларусы, на думку тутэйшых дасьледчыкаў, павіны выглядаць зусім іначай. Але пра гэта – ў наступным лісьце з Каліфорніі.

Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард

XS
SM
MD
LG