Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 верасьня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Беларускі КГБ злавіў чарговага замежнага разьведчыка, але не паведамляе ягонага прозьвішча ды нават грамадзянства.

Аб 11-й гадзіне дня "першы нацыянальны тэлеканал" паведаміў са спасылкаю на КГБ, што ў Менску затрыманы замежны грамадзянін, які ўцягваў беларускіх грамадзянаў у збор разьведвальнае інфармацыі ды яшчэ кіраваў завэрбаванымі агэнтамі й забясьпечваў іх валютаю і тэхнічнымі сродкамі шпіянажу. Я адразу патэлефаніў у КГБ і спытаў ягонага прэсавага сакратара Фёдара Котава: "Чый шпіён?"

"Мы затрымалі замежнага грамадзяніна. Шпіёнам ён стане пасьля таго, як яго суд прызнае вінаватым", — сказаў кіраўнік прэсавае службы КГБ Фёдар Котаў.

Паводле ягоных словаў, патэнцыйны шпіён сядзіць цяпер у сьледчым ізалятары КГБ, але яму ўжо выставілі абвінавачваньне ў шпіянажы (гэта артыкул 62 Крымінальнага кодэксу).

На пытаньне, чаму ягоная ўстанова не раскрывае таямніцу грамадзянства затрыманае асобы, спадар Котаў адказаў так:

(Котаў: ) "Гэта ўжо нашая справа, што нам даваць, што прыхоўваць".

Але Фёдар Котаў запэўніў, што амбасада тае дзяржавы, чыё грамадзянства мае шпіён, ужо паінфармаванае пра затрыманьне.

Патэлефаніўшы ў шэраг замежных амбасадаў у Менску, я высьветліў, што там ніхто нічога ня ведае. Зрэшты, мажліва, КГБ паінфармаваў амбасаду ў іншай краіне, бо ў Беларусі дзяржава арыштаванага шпіёна можа быць не рэпрэзэнтаваная.

Адзіным замежным амбасадарам у Менску, які пагадзіўся пракамэнтаваць затрыманьне публічна, стаў амбасадар Арменіі ў Беларусі Сурэн Аруцюнян, які ладзіў сёньня прэсавую канфэрэнцыю з нагоды нацыянальнага сьвята 21 верасьня. Армянскі амбасадар лічыць, што нейкі цень на адразу ўсе замежныя краіны КГБ ня кінуў.

(Аруцюнян: ) "Вы ведаеце, я нешта ня чуў, што ў Беларусі так часта ловяць замежных шпіёнаў. Я вось толькі сёньня чую. Па-першае, мне трэба азнаёміцца з гэтай інфармацыяй. Па-другое, шпіёнаў ловяць ва ўсіх краінах — у Амэрыцы ловяць, у тым ліку расейскіх, у Францыі, у Ангельшчыне, ды і ў Расеі".

Гэтак мяркуе амбасадар Арменіі ў Менску Сурэн Аруцюнян. Ён запэўніў, што шпіён быў не армянскі. Спадар Аруцюнян дадаў, што КГБ, відавочна, яшчэ мае нейкія пытаньні для высьвятленьня гэтае справы да канца, таму й не паведамляе падрабязнасьцяў.

Думку армянскага амбасадара падзяляе й КГБ Беларусі:

"Вывудзіць зь мяне штосьці ўсё адно не атрымаецца. Больш, чым выкладзена ў прэс-рэлізе, я сказаць не магу, у тым ліку зважаючы на інтарэсы тае краіны, грамадзянінам якое ёсьць затрыманы", — заявіў Фёдар Котаў, начальнік цэнтру інфармацыі ды грамадзкіх сувязяў КГБ Беларусі.

XS
SM
MD
LG