Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 верасьня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Уключыліся ў выбарчую кампанію і сябры моладзевых арганізацыяў краіны. Сябры большасьці зь іх працуюць у выбарчых штабах кандыдатаў і вядуць агітацыю, маюцца прысутнічаць на выбарах 15 кастрычніка ў якасьці наглядальнікаў. І толькі адна моладзевая арганізацыя — Малады Фронт — дзейсна заклікае да байкоту выбараў.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік БПСМу Ўсевалад Янчэўскі заявіў журналістам, што ад БПСМ у гэтак званую «Палату Прадстаўнікоў» балятуюцца дзьве асобы — сам Янчэўскі й другі сакратар арганізацыі Міхал Арда. БПСМ таксама будзе падтрымліваць, як выказаўся Янчэўскі, "некалькі дзясяткаў" кандыдатаў зь ліку дэпутатаў цяперашняе «Палаты прадстаўнікоў».

Янчэўскі мяркуе, што сёлетняя выбарчая кампанія набывае брудны характар. Пры гэтым, ён ня верыць у посьпех выбарчых тэхналёгіяў. У гэтай сувязі карэспандэнт радыё Свабода папрасіў пракамэнтаваць зьяўленьне ў акрузе, дзе балятуецца сам Янчэўскі, каляровых плякатаў з гараскопам на будучы год, аздобленых партрэтам лідэра БПСМу. Усевалад Янчэўскі зьвязаў гэты факт са сваёй дабрачыннай дзейнасьцю ў акрузе: дапамогаю мяйсцоваму дзіцячаму дому і падтрымкаю вэтэранаў. Кіраўнік БПСМ прызнаўся, што заўвагаў за датэрміновую агітацыю ад акруговае выбарчае камісіі ён не атрымліваў.

Вылучыў сваіх прадстаўнікоў кандыдатамі ў дэпутаты й Беларускі ЛКСМ. Ад камсамольцаў зарэгістравана 4 чалавекі зь ліку кіраўніцтва арганізацыі. Сакратар БЛКСМ Зьміцер Зіненка паведаміў, што камсамольцы таксама актыўна ўдзельнічаюць у кампаніі, працуючы ў выбарчых штабах кандыдатаў ад Партыі камуністаў Беларускай.

Лібэральна-Дэмакратычны Саюз беларускае моладзі не вылучаў сваіх кандыдатаў. Паводле старшыні гэтай арганізацыі, Андрэя Сасянкова, бальшыня сяброў адначасна ўваходзіць у ЛДПБ. Частка зь іх зарэгістраваная кандыдатамі ў дэпутаты ад гэтае партыі. Маладыя лібэрал-дэмакраты таксама працуюць у акруговых выбарчых камісіях. Акрамя гэтага яны маюцца назіраць за хадою галасаваньня 15 кастрычніка.

Што тычыцца Маладых сацыял-дэмакратаў, дык яны працягваюць працу ў выбарчых штабах кандыдатаў ад Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі «Народная Грамада». Старшыня арганізацыі Павал Гормаш запэўнівае, што гэтая праца будзе працягвацца да завяршэньня выбарчае кампаніі, або пакуль кандыдаты ў дэпутаты ня здымуць свае кандыдатуры.

Грамадзянскі Форум — маладыя лібэралы — вырашылі падтрымліваць на выбарах незалежных дэмакратычных кандыдатаў і свайго кіраўніка — Уладзімера Навасяда. Формы ўдзелу ў кампаніі — агітацыя людзей і праца ў выбарчых штабох.

Адзіная моладзевая арганізацыя, якая цалкам выступае супраць выбараў у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў», — гэта Малады Фронт, які распачаў кампанію "Вырабы–2000". Ейная галоўная мэта — фіксаваць парушэньні заканадаўства з боку ўладаў і паказаць, як яны кажуць, абсурднасьць абяцаньняў кандыдатаў. Бліжэйшым часам Малады Фронт пачне масавую агітацыю за байкот выбараў шляхам правядзеньня публічных акцыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG