Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 верасьня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Супрацоўнікі Фрунзэнскага раённага аддзелу міліцыі забаранілі сёньня прадстаўнікам АГП, БНФ і "Хартыі-97" правесьці на тэрыторыі свайго раёну сустрэчу з выбаршчыкамі. Пры гэтым, міліцыянты пагражалі затрымаць кожнага, хто паспрабуе агітаваць людзей байкатаваць восеньскія выбары. Апазыцыянэры зьбіраюцца паінфармаваць міжнародныя структуры пра парушэньні беларускімі ўладамі выбарчага закону.

Каля дзясятка прадстаўнікоў аб'яднанай апазыцыі сабраліся сёньня ў раёне рынку, што ў мікрараёне "Захад" каб сустрэцца з выбаршчыкамі ды патлумачыць ім — чаму ня варта ўдзельнічаць у выбарах 15 кастрычніка. Апазыцыянэры таксама зьбіраліся раздаваць мінакам адмысловы выпуск газэты "Наша Свабода" з матэрыяламі пра байкот. Аднак, міліцэйскі маёр паведаміў прысутным, што як толькі тыя разгарнуць транспарант "Байкот–2000" і пачнуць раздаваць газэты, дык адразу ж будуць затрыманыя за арганізацыю несанкцыянаванага пікету й за заклікі да няўдзелу ў выбарах.

У якасьці сур'ёзнасьці сваіх намераў маёр, паказаў на групу маладых людзей у цывільным, гатовых выканаць ягоны загад. Апазыцыянэры спрабавалі пратэставаць, даводзячы міліцыянту, што той парушае выбарчае заканадаўства, але маёр заявіў што мае загад начальства, які для яго важнейшы за Выбарчы кодэкс. Далейшыя перамовы згубілі ўсялякі сэнс. Арганізатары акцыі вырашылі не рызыкаваць людзьмі й перанесьлі сустрэчу з выбаршчыкамі на больш позьні тэрмін.

Адная з арганізатараў сёньняшняе сустрэчы, дэпутатка Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова лічыць, што падобныя забароны ёсьць часткаю кампаніі ўладаў у супрацьдзеяньні абвешчанаму апазыцыяй байкоту выбараў. Гаворыць спадарыня Гразнова:

(Гразнова: ) "Яны не дазваляюць нам распаўсюджваць інфармацыю Гэта галоўнае, гэта тое, што палохае Лукашэнку. Ён хоча, каб людзі пайшлі на выбары, каб Эўропа гэта ўбачыла, і каб Эўропа гэтыя выбары легітымізавала. Калі людзі ня йдуць на выбары, калі апазыцыя ня йдзе на выбары, няма падставаў для легітымізацыі гэтых выбараў. Лукашэнка вядзе падвойную гульню: ён паказвае, што вось мой Выбарчы кодэкс вельмі добры, але ж ён нас падводзіць пад адміністрацыйны кодэкс і не дазваляе распаўсюджваць інфармацыю".

(Карэспандэнт: ) "А што Вы зьбіраецеся рабіць, каб супрацьдзейнічаць такім паводзінам уладаў?"

(Гразнова: ) "Мы будзем далей праводзіць кампанію за байкот выбараў. Ён нас не застрашыць. Мы будзем усю інфармацыю аб гэтых парушэньнях дасылаць АБСЭ, каб і яны ведалі сапраўдную сытуацыю, і каб яны прымалі захады".

Гэта была дэпутатка Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова.

Тым часам, у раёне менскай вуліцы Даўгабродзкай падобная сустрэча з выбаршчыкамі адбылася. У часе гэтай акцыі апазыцыянэры раздалі мінакам паўтары тысячы ўлётак з заклікам не хадзіць на выбары.

XS
SM
MD
LG