Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 верасьня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Сёньня ў Багдад самалётам Аэрафлёту прыбыла дэлегацыя 11 расейскіх нафтавых бізнэсмэнаў. Расея ў аднабаковым парадку выходіць з рэжыму санкцыяў ААН супраць Іраку. У той жа час Багдад ізноў пагражае Кувэйту.

Дэлегацыя расейскіх бізнэсмэнаў сёньня і заўтра будзе праводзіць перамовы ў міністэрстве нафты Іраку наконт будучага ўдзелу Расеі ў здабычы ірацкай нафты. Санкцыі ААН, уведзеныя ў 1990 годзе пасьля нападу Іраку на Кувэйт, дазваляюць толькі гуманітарныя авіярэйсы ў Багдад.

Газэта Gardian у сваім сёньняшнім нумары нагадвае, што на мінулым тыдні Масква абвесьціла пра намер распачаць з наступнага месяца пасажырскія рэйсы ў Ірак. Дзяржсакратар ЗША Олбрайт заявіла, што рашэньне аднавіць палёты самалётаў Аэрафлёту ў Багдад "ня ёсьць добрая ідэя". ЗША і Вялікая Брытанія лічаць, што любыя, апроч гуманітарных, авіярэйсы ў Ірак ёсьць парушэньне міжнародных санкцыяў. Гэтага ж пункту гледжаньня прытрымліваецца і камітэт ААН па санкцыях. Аднак паводле меркаваньняў Масквы і Парыжу, у рашэньні ААН пра санкцыі яўна не гаворыцца пра забарону пасажырскіх авіярэйсаў.

Gardian паведамляе, што ўчора пра намер аднавіць авіясувязь з Багдадам абвесьціла Іярданія. Праўда, іярданскі міністр гандлю Азар падкрэсьліў, што Іярданія будзе каардынаваць свае рашэньні ў гэтым накірунку з міжнароднай супольнасьцю.

Як паведамляюць інфармацыйныя агенцыі, самалёт Аэрафлёту, які сёньня прыляцеў у Багдад, даставіў гуманітарны груз – 5 тонаў лекаў. Але кіраўнік дэлегацыі, прэзыдэнт карпарацыі "Стройтрансгаз" Бэкер ня стаў працягваць юрыдычную спрэчку паміж Масквою і Вашынгтонам і даводзіць, што рэйс мае гуманітарны характар. Ён публічна заявіў, што сёньняшні рэйс самалёту Аэрафлёту азначае, што Расея выходзіць з рэжыму міжнародных санкцыяў на авіяпалёты ў Ірак.

Масква ужо даўно заяўляе пра неабходнасьць цалкам адмяніць міжнародныя эканамічныя санкцыі супраць Іраку. Гэтая настойлівасць тлумачыцца як эканамічнымі, гэтак і палітычнымі чыньнікамі. Яшчэ з савецкіх часоў Багдад вінаваты Маскве 7 мільярдаў даляраў, і скасаваньне санкцыяў – шлях да таго, каб гэты доўг быў вернуты. З другога боку падаецца, што ўмацаваньне сувязяў з былымі кліентамі СССР – міжнароднымі ізгоямі кшталту Паўночнай Карэі, Кубы і Іраку – паступова робіцца неад'емнаю часткаю зьнешняй палітыкі Расеі.

Пакуль Масква не аднавіла гандаль з Іракам, але аднабаковая адмена забароны на пасажырскія авіярэйсы – рашэньне вельмі паказальнае.
Варта адзначыць, што Расея выйшла з рэжыму санкцыяў якраз у той момант, калі Багдад ізноў пачынае пагражаць суседзям. На мінулым тыдні Ірак абвінаваціў Кувэйт у крадзяжы сотняў тысячаў барэляў нафты ў дзень з ірацкіх нафтавых радовішчаў у раёне ірацкага гораду Басра. Кувэйт, як паведамляе International Gerald Tribune, абверг гэтыя абвінавачаньні і падкрэсьліў, што падобныя абвінавачанні ёсьць рэальная пагроза рэгіянальнай стабільнасці і бясьпецы.

Урад Кувэйту выступіў з адмысловаю заяваю, у якой заклікаў міжнародную супольнасьць зрабіць сур'ёзныя крокі, каб спыніць пагрозу, што зыходзіць з Багдаду. Кувэйцкія афіцыйныя асобы нагадваюць, што літаральна такія ж абвінавачаньні 10 год таму папярэднічалі ўварваньню ірацкіх войскаў у Кувэйт. Адчуваньне пагрозы ўзмацняецца нядаўнім рашэньнем Садама Гусэйна праводзіць бесперапынныя ваеныя вучэньні. Раней ірацкае войска праводзіла вучэньні толькі летам і пад час крызысаў. Газэта Gardian цытуе словы міністра абароны ЗША Коэна, які заявіў: "Мы ясна далі зразумець Садаму Гусэйну, што ён павінен спыніць пагрозы сваім суседзям і свайму народу, як гэта ён рабіў у мінулым". Амэрыканскія і брытанскія ўзброеныя сілы, што дыслякаваныя ў краінах, памежных з Іракам, прыведзеныя ў стан падвышанай баявой гатоўнасьці.

XS
SM
MD
LG