Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 верасьня 2000 г.


Вольга Караткевіч, Гётэборг

(эфір 16 верасьня)
Трэці дзень у швэдзкім горадзе Гётэборгу працягваецца Швэдзкі кірмаш кнігі. Яго наведалі больш за 100 тысячаў чалавек. У Гётэборгу працуе ўнікальная беларускай экспазыцыя, у якой бяруць удзел мастакі, пісьменьнікі, палітыкі. Сёньня палітычная тэма гучэла найбольш моцна. Перад швэдзкай аўдыторыяй выступілі Васіль Быкаў, Вінцук Вячорка, адзін зь лідэраў кіруючай швэдзкай Сацыял-дэмакратычнай партыі Урбан Алін…

Сёньня беларускі павілён аздобіўся бел-чырвона-белым сьцягам, які зь Менску прывёз старшыня партыі БНФ "Адраджэньне" Вінцук Вячорка. Ён правёў прэсавую канфэрэнцыю на тэму выбараў 15-га кастрычніка. Вячорка заяўляў пра адзінства беларускай апазыцыі і ў адказе на пытаньне пра магчымага адзінага кандыдата на выбарах прэзыдэнта ад апазыцыі выказаў надзею, што памылкі 1994 году будуць улічаныя.

Сёньня ў беларускім павілёне выступаў вядомы швэдзкі палітык – сацыял-дэмакрат, дэпутат Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Урбан Алін. Ён прыехаў зь сям'ёй адмыслова на гэтую імпрэзу. Выступ Аліна сабраў надзвычайную колькасьць прысутных. Яго добра ведаюць па моцных заявах у швэдзкім парлямэнце – рыкстагу, а таксама з прычыны ягонай актыўнасьці на беларускай глебе: рэгулярныя кантакты зь беларускай апазыцыяй, арганізацыя пікетаў у цэнтры Стакгольму на знак салідарнасьці зь беларускай дэмакратыяй, лёбі інтарэсаў Беларусі ў эўрапейскіх структурах.

Урбан Алін тлумачыў у якіх умовах адбываецца выбарчы працэс у Беларусі, сыстэму кіраваньня назваў таталітарнай, а беларускую апазыцыю – разьяднанай. Гэтае меркаваньне спрычыніла дыскусію зь Вінцуком Вячоркам, які рыхтаваўся да выступу на тэму "Назад у СССР?".

Пытаньне да Вінцука Вячоркі:

(Карэспандэнт: ) "Спадар Вінцук, Ваш выступ называецца "Назад у СССР?" Дык станоўчы адказ ці адмоўны?"

(Вячорка: ) "Адмоўны адказ. Я хачу зьвярнуць увагу швэдаў, якія ладна пацярпелі ад савецкай паўзучай агрэсіі за часам халоднай вайны, на тыя небясьпекі, якія нясе аднаўленьне расейскага імпэрыялізму і беспасярэдне праілюстраваць станаўленьне пуцінскай дыктатуры, імпэрскай ідэялёгіі, як гэта небясьпечна дазваляць захоўвацца рэжыму Лукашэнкі. Ёсьць лукашэнкавы рэжым. Дазваляюць яму працьвітаць у цэнтры Эўропы, дазваляюць яму спадзявацца на рэканструкцыю аб'яднанай імпэрыі пад ягоным началам ці не пад ягоным, – значыць, пагаджаюцца, што халодная вайна прыйдзе зноў да швэдзкіх берагоў. У гэтым сэнс майго пасланьня".

(Карэспандэнт: ) "Існуе меркаваньне, што пры Пуціне Лукашэнка ня вельмі свабодна пачуваецца ў пытаньні прагрэсу інтэграцыі…"

(Вячорка: ) "Рэжым свабодна пачуваецца. Лукашэнка, можа й не. Залежная ад Расеі марыянэткавая канструкцыя, незалежна ад таго, хто ёю кіруе – Лукашэнка, Кукашэнка – абсалютна не істотна".

(Карэспандэнт: ) "Я б хацела вярнуцца да вашых ранішніх дэбатаў з Урабана Алінам. Вы на прэсавай канфэрэнцыі заявілі, што апазыцыя ў Беларусі – аб'яднаная, Алін сказаў, што, на жаль, беларускай апазыцыя – разьяднаная. Якая выснова з гэтай дыскусіі?"

(Вячорка: ) "Гэта – вялікая праблема камунікаваньня і інфармацыі. Шэсьць партыяў намінальна і на практыцы пагадзіліся проста ігнараваць выбарчы фарс. У сытуацыі, калі частка кіраўніцтва толькі адной партыі пагадзілася ўдзельнічаць у гэтым фарсе, расколу ніякага няма. Гэта – нутраная праблема толькі адной з партыяў. Калі гаварыць шырэй, то мы пагадзіліся, што вельмі істотна, каб усе антылукашэнкаўскія сілы ў Беларусі выступілі супраць прысылкі міжнародных назіральнікаў і супраць прызнаньня будучай "палаткі".

Вінцук Вячорка выступае на Швэдзкім кірмашы двойчы, бо з кожным днём расьце цікавасьць да прадстаўлянага ў Гётэборгу беларусамі.

Васіля Быкава швэды чакалі, маючы на руках брашуру зь біяграфіяй пісьменьніка ці артыкулам Быкава пра правы чалавека. Правы чалавека – тэма сыботняга выступу Васіля Быкава. "Краіна, у якой не выконваюцца ўсе 30-ць пунктаў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека" – гэтай цытатай можна падсумаваць усю прамову Васіля Быкава. Беларусь, паводле пісьменьніка, нагадвае аўтарытарную лаціна-амэрыканскую дзяржаву. І аптымізму што да зьменаў ў Быкава мала.

Я запыталася ў Васіля Быкава, якія ёсьць рэсурсы ў нацыі для таго, каб зьмяніць сытуацыю ў бліжэйшай будучыні ці проста зьмяніць сытуацыю…

(Быкаў: ) "Я ня ведаю, якія рэсурсы. Я вельмі сумняваюся ў гэтым. Я магу сказаць толькі, што былі магчымасьці. У вельмі нядаўнім мінулым былі магчымасьці. Былі нейкія шанцы, каторыя нацыя і нацыянальная эліта не выкарысталі належным чынам. І цяпер – калі чакаць нейкіх спрыяльных стасункаў у будучыні – я не магу сказаць. Мне думаецца, што гэта вельмі цяжка. Гэтага ніхто ня ведае…"

Сёньня ж Васіль Быкаў даў інтэрвію нарвэскай газэце "Dag och Tid" ("Сёньня й час"), дзе канстатаваў, што мяняць сытуацыю ў Беларусі можна толькі дэмакратычным шляхам. І ў гэтым, паводле Быкава, слабасьць беларускай дэмакратыі і сіла беларускай дыктатуры.

Сёньня ўжо больш швэдаў на пытаньне анкеты, які горад – сталіца Беларусі – Менск, Прага ці Вільня, называлі Менск, а на пытаньне пра парлямэнцкія выбары – 15-га кастрычніка.

Швэды лічаць Беларусь сваёй суседкай. Вельмі блізка, – гавораць яны. – Самалётам ляцець менш за 2 гадзіны, флёра і фаўна падобныя – заўважаюць швэды. – Больш за тое, словы ёсьць агульныя: вагі, смак.

Аднак мы далёка. І гэта дэманструе наступны факт: атрымаўшы ўсю інфармацыю пра палітычныя рэаліі ў Беларусі, мэтады кіраваньня Лукашэнкі, умовы для правядзеньня выбараў, адна швэдзкая студэнтка шчыра параіла: "Дык пераабярыце яго!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG