Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 верасьня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

У пачатковай школе ў клясах з расейскай моваю навучаньня беларускую мову пачынаюць вывучаць толькі на другі навучальны год. Тады як замежная мова ў іх выкладаецца ўжо з падрыхтоўчае клясы. Пэўная дыскрымінацыя ў дачыненьні да беларускае мовы адбываецца і ў першых клясах — калі на ўроках расейскае мовы вучні атрымліваюць адзнакі, дык на ўроках беларускай — не.

Як распавялі бацькі вучняў першае клясы 74-е менскае школы, іхныя дзеці ўжо адчуваюць пэўныя складанасьці пры вывучэньні беларускае мовы. У падрыхтоўчай клясе яны наогул не вывучалі беларускую мову, толькі расейскую і замежную. Цяпер у іх пачаліся ўрокі беларускае мовы, але падручнікі напісаныя даволі складана, так, нібыта дзеці ўжо трохі ведаюць мову. Праз гэта ў многіх вучняў ужо фармуецца адмоўнае стаўленьне да мовы, і гэта непакоіць бацькоў.

Да таго ж у адпаведнасьці са школьнай праграмаю для выкладаньня беларускае мовы й літаратуры адведзеныя толькі тры гадзіны на тыдзень. І звычайна гэтыя прадметы стаяць ў раскладзе заняткаў апошнімі ўрокамі, калі дзеці ўжо стомленыя і ня могуць цалкам уважліва ўспрымаць настаўніка.

Таксама бацькоў уразіла, што па беларускай мове ў першай клясе ня будуць ставіць адзнакі, тады як па расейскай мове ды іншых прадметах вучні будуць атрымліваць адзнакі, пачынаючы з трэцяй чвэрці.

Вось як гэтую сытуацыю камэнтуе намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі Таварыства Беларускае Мовы Леанарда Мухіна:

(Мухіна: ) "Для дзяцей, пры вывучэньні мовы, вельмі важна, каб раней гэта пачаць. І таму тое, што спачатку навучаньне пісьму і чытаньню ідзе па-расейску, а беларуская мова ў падрыхтоўчым клясе зусім не даецца… Да таго ж і замежная мова пачынаецца ў падрыхтоўчым…Выстаўленьне адзнак пачынаецца з трэцяй чвэрці, а калі мову пачынаюць толькі ў гэтым клясе вучыць, дык адзнакі яшчэ недарэчныя. Праграма зьмененая, але падручнікі на аснове папярэдніх створаныя, а там даволі цяжка, дык без дадатковай дапамогі за пачатковую школу засвоіць беларускую мову немагчыма".

Зазначыла спадарыня Мухіна.

Я запытала ў кіраўніка галоўнае ўправы агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Міколу Фяськова, чаму ў клясах з расейскай моваю навучаньня беларускую мову пачынаюць вывучаюць толькі зь першай, а не з падрыхтоўчай клясы?

(Фяськоў: ) "Гэта не зусім простае пытаньне. Гэта цэлая дыскусія, якая ў нас аднойчы ў Нацыянальным інстытуце адукацыі абмяркоўвалася на вучоным савеце".

Адказаў Мікола Фяськоў.

А пакуль гэтае пытаньне будзе толькі абмяркоўвацца, а не вырашацца, у беларускіх дзяцей, якія вучацца ў клясах з расейскай моваю навучаньня (а такіх цяпер большасьць у краіне) паступова фармуецца стаўленьне да беларускае мовы, як да нечага непатрэбнага й занадта складанага.

XS
SM
MD
LG