Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 верасьня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Лідэры афіцыйных прафсаюзаў Ганчарык і Бухвостаў лічаць сваё выбыцьцё з выбарчай кампаніі працягам антыпрафсаюзнае палітыкі ўладаў. Пра гэта яны заявілі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык быў выключаны зь ліку прэтэндэнтаў у "Палату прадстаўнікоў" у Старавіленскай акрузе Менску. Акруговая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты з прычыны нібыта парушэньняў выбарчага заканадаўства пад час збору подпісаў.

"Спраўджана й знойдзена, што 70 подпісаў несапраўдныя з-за розных прычынаў. Спраўджвалі экспэрты, у тым ліку і з управы ўнутраных справаў Менскага гарадзкога выканкаму. Аднак у мяне вялікія сумненьні наконт якасьці такіх праверак. Цэнтарвыбаркам катэгарычна адмаўляе ў выдачы копіяў дакумэнтаў спраўджаньня.

Тым ня менш, вось некаторыя вынікі працы гэтых экспэртаў. Сьцьвярджаецца, што "не пражывае 6 чалавек", — але гэта не магчыма. Затым зазначана, што нібыта 16 чалавек не прызналі сваіх подпісаў. У акце экспэртызы запісана, што, "верагодна, подпісы зробленыя адной асобаю". Гэтак званыя "экспэрты" ня ўпэўненыя, і таму напісалі "верагодна". І яшчэ адзін запіс правяраючых: "Дзяўчынка Вольга пацьвярджае, што гэта ня подпісы таты й мамы…", — паведаміў Уладзімер Ганчарык.

Ён перакананы, што вэрдыкт акруговае камісіі "шыты белымі ніткамі". Напрыклад, у адным з дакумэнтаў акруговае камісіі сьцьвярджаецца, што подпісы ў падтрымку Ганчарыка зьбіраў старшыня прафсаюзу радыёэлектронікі Генадзь Фядыніч. Сам жа Фядыніч катэгарычна абвяргае свой удзел у падпісной кампаніі лідэра афіцыйных прафсаюзаў.

Уладзімер Ганчарык перакананы, што акруговая выбарчая камісія прыняла сваё рашэньне не ў адпаведнасьці зь літараю закону, а на падставе выбарчага сцэнару, распрацаванага ўладамі. Не знайшлося месца ў гэтым сцэнары і яшчэ аднаму прафсаюзнаму лідэру — Аляксандру Бухвоставу. Старшыню прафсаюзу аўтасельгасмашу і аўтара скаргі ў Міжнародную арганізацыю працы не зарэгістравалі ў сталічнай Мендзялееўскай акрузе.

Гаворыць Аляксандар Бухвостаў:

"Пры спраўджаньні былі выкарыстаныя даволі грубыя мэтоды. Прыходзіла міліцыя, стукала ў дзьверы й міліцыянты дапытваліся — ці сапраўды гэтыя грамадзяне падпісваліся. Відавочна, некаторых людзей гэтыя праверкі напалохалі. Яны пачалі зьвяртацца да нас, мяркуючы, што мы ўцягнулі іх у супрацьзаконную справу. Апроч нібыта няслушна аформленых подпісаў, мяне не зарэгістравалі яшчэ й таму, што я быццам бы недакладна запоўніў дэклярацыю даходаў. Але калі я наважыўся давесьці пра неабгрунтаванасьць гэтых абвінавачваньняў, мае аргумэнты, на жаль, не спатрэбіліся. Акруговая камісія абвяшчае вынік, аспрэчваць які безсэнсоўна", — заявіў Аляксандар Бухвостаў.

Дарэчы, і Ганчарык і Бухвостаў заўтра зьбіраюцца абскардзіць рашэньні акруговых камісіяў у Цэнтарвыбаркаме. Хаця і абодва перакананыя, што гэтыя спробы будуць безвыніковымі, паколькі ўлады ня хочуць бачыць іх у ліку дэпутатаў заканадаўчага воргану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG