Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 верасьня 2000 г.


Аляксей Дзікавіцкі, Прага

Паліўны крызыс у Эўропе. Усьлед за сваімі калегамі зь Вялікай Брытаніі, кіроўцы Бэльгіі ў выніку перамоваў з урадам гэтай краіны вырашылі сёньня спыніць блякаваньне. Аднак у Нямеччыне, Італіі і Галяндыі акцыі пратэсту працягваюцца. Сёньня сьпіс краінаў, дзе кіроўцы пратэстуюць, пашырыўся Ірляндыяй і Польшчай.

Як мы ўжо распавядалі, учора ў Вялікай Брытаніі кіроўцы грузавікоў, што пратэставалі супраць высокіх коштаў на паліва, аб'явілі аб сканчэньньні блякаваньня нафтаперапрацоўчых заводаў ды іншых аб'ектаў, якое доўжылася амаль тыдзень. Аднак кіроўцы папярэдзілі ўрад, што калі цягам 60-ці дзён цэнавая палітыка на паліва ня будзе перагледжаная, яны працягнуць свае акцыі яшчэ ў большых памерах. Аднак на гэты час у Вялікай Брытаніі палівам напоўненыя толькі 20 адсоткаў заправачных станцыяў.

Сёньня ў Бэльгіі, пасьля перамоваў з урадам, кіроўцы грузавікоў таксама вырашылі разблякаваць, так бы мовіць, захопленыя аб'екты, ў тым ліку, сталіцу краіны Брусэль і другі па велічыні ў Эўропе порт Антвэрпэн. У часе перамоваў кіроўцы не дамагліся непасрэдна зьніжэньня коштаў на паліва, але замест гэтага ўрад сплоціць ім кампэнсацыі ў памеры каля 83 мільёнаў даляраў, а таксама пойдзе на некаторыя зьмяншэньні памеру дарожнага падатку. Паводле першых вынікаў перамоваў у Італіі, здаецца, што ў хуткім часе ўлады гэтай краіны таксама дамовяцца зь кіроўцамі, і акцыі пратэсту там скончацца.

У Нідэрляндах, Нямеччыне і Гішпаніі сытуацыя застаецца па-ранейшаму складанай. У прыватнасьці, ў Нямеччыне да кіроўцаў грузавікоў далучыліся фэрмэры, якія дапамагаюць блякаваць аўтамагістралі і гарады сваімі трактарамі. У Гішпаніі кіроўцы заблякавалі другі па велічыні горад краіны Барсэлёну.

Сёньня ў Ірляндыі ў адказ на адмову кіраўніцтва краіны зьменшыць падаткі на дызельнае паліва на траціну, кіроўцы распачалі акцыі пратэсту. Паводле словаў кіраўніка Ірляндскай Асацыяцыі перавозчыкаў Джэры Макмахана, кіроўцы больш 4-х тысячаў грузавікоў будуць рухацца сёньня зь мінімальнай хуткасьцю ў напрамках сталіцы Ірляндыі Дубліна ды яшчэ 4-х найвялікшых гарадоў краіны: Корк, Уатэрфорд, Гэлуэй і Лімэрык. Спадар Макмахан таксама адзначыў, што кіроўцы не зьбіраюцца блякаваць цэнтры згаданых гарадоў і зробяць усё магчымае, каб бяз паліва не засталіся, прыкладам, машыны хуткай дапамогі ці пажарнікаў, бо гэта, на яго думку, пашкодзіць іміджу страйкоўцаў. У Дубліне да кіроўцаў грузавікоў далучыліся таксама таксісты.

Учора ў Польшчы перамовы паміж кіраўніком Асацыяцыі Міжнародных перавозчыкаў Янушам Лацным і міністрам транспарту Польшчы Ежы Выдзыкам доўжыліся да 3 гадзінаў апоўначы і скончыліся правалам. Паводле міністра транспарту, зьніжэньне коштаў на паліва прывядзе да таго, што надалей ня будзе грошай на рамонт дарогаў у краіне. У выніку сёньня ад 10-й да 14-й гадзіны па польскіх ўтамагістралях многія грузавікі рухаліся з хуткасьцю ня болей за 30 кілямэтраў на гадзіну. Дарэчы, дзьве найбольш буйныя кампаніі Польшчы, што вырабляюць паліва – Рафінэр'я Гданьска і ПКН Орлень, нечакана заявілі напярэдадні пра нязначнае зьніжэньне коштаў на сваё паліва. Аднак прадстаўнікі згаданых фірмаў падкрэсьлілі, што зьніжэньне не зьвязанае з маючыміі адбыцца пратэстамі кіроўцаў. Сёньня стала вядома, што неўзабаве да агульнаэўрапейскіх акцыяў пратэсту маюць далучыцца кіроўцы Чэхіі і Вугоршчыны.

XS
SM
MD
LG