Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 верасьня 2000 г.


Вячаслаў Елькановіч, Сыднэй

Сёньня ў Сыднэі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё ХХVII Алімпійскіх гульняў. Перадае наш карэспандэнт у Аўстраліі Вячаслаў Елькановіч.

Уршце скончылася падарожжа алімпійскае паходні па Аўстраліі. Сёньня яна запаліла галоўны алімпійскі вагонь на галоўным стадыёне алімпійскага парку ў Гомбушы.

Урачыстым маршам 100 200 спартоўцаў з 200 краінаў сьвету скончыліся гады плянаваньня і падрыхтоўкі да гульняў. З таго дня, як прэзыдэнт Міжнароднага Алімпійскага камітэту Хуан Антоніё Самаранч абвесьціў аб месцы правядзеньня 27-й Алімпіяды, прайшло 7 год. І вось сёньня генэрал-губэрнатар Аўстраліі сэр Уільям Дзін абвесьціў аб адкрыцьці сыднэйскіх Алімпійскіх гульняў.

Хоць гэтыя гульні і лічацца 27-мі, але сапраўды гэта 24-я Алімпіяда, бо праз сусьветныя войны гульні ў 1916, 1940 і 1944 гадох не праводзіліся.
На трыбунах галоўнага алімпійскага стадыёну "Аўстралія" за адкрыцьцём гульняў назірала больш за 115000 гледачоў, а тэлевізыйную трансьляцыю глядзелі каля 3 мільярдаў чалавек ва ўсім сьвеце. Тое, што яны ўбачылі, пераўзышло ўсе чаканьні. Як адзначыў галоўны пастаноўшчык урачыстых цырымоніяў адкрыцьця і закрыцьця гульняў спадар Рык Бёрч, галоўнае – гэта якасьць і нестандартнасьць выкананьня:

(Бёрч: ) "Уся пастаноўка – гэта гісторыя Аўстраліі, якая мае пачатак, сярэдзіну і канец. Мы пачалі старажытнай Аўстраліяй і скончылі Аўстраліяй сучаснай. Усім гэтым спэктаклем мы хацелі паказаць, што аўстралійцы вельмі добра ставяцца да сваёй краіны".

У гэтыя выходныя, у сыботу і нядзелю, пачнуцца спаборніцтвы па 26 з 28 алімпійскіх відаў спорту. Лёгкаатлеты пачнуць выступы толькі праз тыдзень. Першы залаты мэдаль будзе разыграны ўжо заўтра ў жаночым трыятлёне, і многія камэнтатары лічаць, што яго атрымае аўстралійская атлетка Мішэль Сьміт. Таксама ў нядзелю і сыботу будуць разыграныя мэдалі ў фэхтаваньні, плаваньні, у тым ліку, у мужчынскай і жаночай эстафэце вольным стылем, у дзюдо, стральбе, мужчынскім трыятлёне і некторых роварных катэгорыях. Вельмі цікавымі чакаюцца спаборніцтвы тэнісыстаў, дзе ўжо ў першым крузе сустрэнуцца паміж сабой аўстралійцы Лейтан Сьюіт і беларус Максім Мірны, якія абодва, выступаючы ў пары, перамаглі ў прэстыжным адкрытым чэмпіянаце ЗША ўсяго тыдзень таму.

На жаль, праз ужываньне забароненых допінгаў ня ўсе спартсмэны змогуць узяць удзел у Алімпіядзе. Колькасьць недапушчаных спартсмэнаў, і зь якіх яны краінаў стане вядомая толькі ў наступныя два дні. Незалежнае сусьветнае антыдопінгавая агенцтва за апошнія тры месяцы правяла тэставаньне 2040 атлетаў з 80-ці краінаў сьвету. У выніку плыўцу з Казахстану, лёгкаатлету з Баўгарыі і цяжкаатлету з Тайваню скасаваная алімпійская ліцэнзія, а алімпійская дэлегацыя з Румыніі сама адклікала свайго цяжкаатлета.

Менш за ўсіх пашанцавала Сяргею Вайнову, трэнэру з Узбэкістану, у якога на мытні ў Сыднэі было канфіскавана 15 ампулаў гармону чалавечага росту – у наступны аўторак ён стане перад судом Сыднэя. Яму пагражае штраф у 100000 аўстралійскіх даляраў.

Між тым кубінскія ўлады заклікалі сваіх спартсмэнаў не прасіць у Аўстраліі палітычнага прытулку пасьля заканчэньня Алімпіяды. За апошняе дзесяцігодзьдзе пад час розных міжнародных спаборніцтваў палітычнага прытулку папрасілі 54 вядучых кубінскіх спартоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG