Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 13 верасьня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Завяршыўся пераход да адзінага абменнага курсу беларускага рубля. Паводле заяваў фінансавых уладаў краіны, ужо заўтра ў Беларусі зьнікне праблема абмену нацыянальных грошай.

Ліквідацыю шматлікасьці валютных курсаў у Беларусі кіраўнікі Нацыянальнага банку лічаць прыкметным посьпехам сваёй палітыкі. Камэнтуючы гэтую падзею нашаму радыё, начальнік управы інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў зазначыў:

"Гэта лібэралізацыя валютнае палітыкі. З 14 верасьня ў Беларусі ўводзяцца абсалютна рынкавыя правілы гандлю валютаю: яе купля й продаж. Усе прадпрыемствы атрымаюць магчымасьць выходзіць на біржу, каб набыць валюту, без аніякіх абмежаваньняў. Нацыянальны банк будзе рэгуляваць тут валютны гандаль толькі рынкавымі мэтадамі. Інакш кажучы, будзе рабіць тое, што робіць цэнтральны банк любое нармальнае краіны", — паведаміў Анатоль Драздоў.

Незалежныя эканамісты завяршэньне гэтага этапу фінансавае стабілізацыі краіны ўспрымаюць больш стрымана. Вось, напрыклад, якім меркаваньнем з нашым радыё падзяліўся экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў эканаміст Міхал Залескі:

(Залескі: ) "Каб зрабіць адзіны курс, трэба паступова да гэтага падыходзіць. Рэзкія зрухі выклікаюць запаленьне спэкуляцыі. Тут будзе іншая праблема. Нацбанк павінен трымаць адзіны курс. Пры такім курсе, калі ён будзе зьвязаны зь нейкай цьвёрдай валютай, дык ці будзе добра напаўняцца дзяржаўны бюджэт, ці ня будзе дэфіцыту бюджэту? Вось сёлета паступленьні ў бюджэт склалі 51 адсотак ад заплянаванага".

(Карэспандэнт: ) "Сёньня траціна прадпрыемстваў Беларусі – стратныя. За кошт розьніцы курсаў дзяржава іх утрымлівала. Што будзе зараз?"

(Залескі: ) "Тое што і зараз, таму што дзяржава не зацікаўленая ў іх банкруцтве і ў зьяўленьні беспрацоўных. Ну затрымаюць заробак на поўгады, пасьля дадуць".

(Карэспандэнт: ) "Ярмошын кажа, што ўтрыманьне адзінага валютнага курсу залежыць ад стабілізацыйнага крэдыту Расеі…"

(Залескі: ) "Ну вядома…Самае галоўнае, як будуць працаваць нашыя экспартэры ды імпартэры, ці атрымаюць яны ад партнэраў у Расеі разьлікі сапраўднымі грашыма, і ці змогуць яны разьлічвацца пасьля гэтага беларускімі грошамі. Урад усё ж такі мае на мэце аб'яднаць валютныя сыстэмы Расеі і Беларусі. Дык ці варта змагацца за адзіны курс рубля, калі да расейскага рубля мы ўсё роўна не дацягнем нават за вызначаныя тэрміны і з дапамогай тэхнічных крэдытаў, бо справа ў стабільнасьці ўсёй эканомікі".

— мяркуе эканаміст Міхал Залескі.

XS
SM
MD
LG