Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 2000 г.


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Сёньня, 13 верасьня, скончыўся суд па справе лідэра магілеўскай абласной арганізацыі БНФ Анатоля Фёдарава. Абвінавачанага ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця адказьніка пакаралі штрафам у памеры 150 мінімальных заробкаў.

Сёньня судовы працэс працягваўся крыху больш як гадзіну, значна менш чым папярэднія. Анатоль Фёдараў і ягоныя абаронцы даказвалі, што 8 верасьня прыкметаў арганізаванага шэсьця не было, проста людзі прайшлі па вуліцах гораду з бел-чырвона-белымі сьцяжкамі і адзначылі дзень Беларускай вайсковай славы. Міліцыянты чарговы раз абвінавачвалі сп. Фёдарава ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця і ўзгадвалі пра забароненую сымболіку, распаўсюджваньне улётак і
ігнараваньне патрабаваньняў міліцыі.

Анатоль Фёдараў у заключным слове не прызнаў сябе вінаватым, бо паводле ягонай думкі ён выконваў усе загады супрацоўнікаў ворганаў унутраных спраў і сам забіраў улёткі ва ўдзельнікаў сьвята. Увогуле, улёткі былі галоўным прадметам судовага паседжаньня, бо іхныя аўтары праводзяць паралель паміж бітвай пад Воршай і змаганьнем з Аляксандрам Лукашэнкам.

Відаць, таму грамадзкі абаронца адказьніка Валадар Цурпанаў назваў справу Анатоля Фёдарава не адміністрацыйнай, а палітычнай. У заключным слове ён засяродзіў увагу на тым, што 8 верасьня міліцыя найменш цікавілася крымінальнымі справамі, а проста выконвала загад змагацца з апазыцыяй.

За 10 хвілін да вынясеньня прысуду сытуацыю пракамэнтаваў намесьнік старшыні БНФ "Адраджэньне" Анатоль Фёдараў:

(Фёдараў: ) "Бачна, што суд палітычна заангажаваны і, хутчэй за ўсё, будзе палітычнае, а не судовае рашэньне. Гэта будзе альбо вялікі штраф, альбо адміністрацыйны арышт на некалькі сутак. Я ўжо гатовы да такога рашэньня. На жаль, нашыя довады і аргумэнты, якія базуюцца на законе, тут не выслухоўваюцца, і заўвагі не прыймаюцца".

Аднак судзьдзя абвінаваціла адказьніка ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця. Судзьдзя Цэнтральнага раёну Магілева Галіна Тулянкова прызнала аргумэнты міліцыянтаў пераканаўчымі. У выніку, адказьнік быў пакараны на 150 мінімальных заробкаў, а дакладней – на 390 тысячаў беларускіх рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG