Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Малады Фронт пачынае сваю кампанію байкоту выбараў у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў». Сэрыя акцыяў пад агульным назовам "Вырабы-2000" мае на мэце паказаць ілжывасьць і абсурднасьць абяцаньняў кандыдатаў у дэпутаты, а таксама фіксаваць парушэньні пад час кампаніі. Перадвыбарчая агітацыя, паводле беларускага заканадаўства, дазваляецца ад 15 верасьня. Тым ня менш, ужо цяпер Малады Фронт мае больш за дзясятак прыкладаў незаконнай агітацыі.

Малады Фронт маецца абраць сымбалічную «Палату прадстаўнікоў», мейсцы ў якім будуць разьмяркоўвацца паводле ілжывасьці і абсурднасьці перадвыбарчых абяцаньняў. Сябры арганізацыі зьбіраюць усе агітацыйныя ўлёткі, каб затым скласьці адмысловы гіт-парад абяцаньняў. Уся кампанія мае назоў "Вырабы-2000".

Старшыня Маладога Фронту Павал Севярынец тлумачыць гэтую назву:

(Севярынец: ) "Ва ўсім цывілізаваным сьвеце прынята час ад часу праводзіць выбары, а ў нас у Беларусі прынята праводзіць "вырабы", і там адпаведныя начальнікі, дэпутаты і проста кіраўнікі вырабляюць. Тая кампанія, якая пачынаецца ў Беларусі, ня мае нічога агульнага з выбарамі. І гэта проста "вырабы". У гэтым слове – ёмістае азначэньне ўсяго электарату: "Вы рабы", і назва тых макаронных выбараў, якія нам з вамі вешаюць на вушы".

Паводле беларускага заканадаўства, перадвыбарчая агітацыя дазволеная ад 15 верасьня. Сёньня Малады Фронт на прэсавай канфэрэнцыі знаёміў журналістаў зь некаторымі прыкладамі датэрміновай агітацыі. Так, у адной з улётак вялікай заслугаю Вольгі Абрамавай называецца тое, што, калі яна была дэпутаткаю Вярхоўнага Савету, дык плённа займалася "рамонтам дахаў, ачысткаю іх ад сьнегу ды ільду, рамонтамі кватэраў і газавага абсталяваньня".

А ў Слуцкай акрузе выбаршчыкі атрымалі каляровы гараскоп на будучы год з партрэтам кіраўніка БПСМу Ўсевалада Янчэўскага. Ёсьць выпадкі, калі кандыдаты зь ліку чыноўнікаў у сваіх выбарчых акругах уводзяць дадатковыя маршруты грамадзкага транспарту…

Маладафронтаўцы не зьбіраюцца перадаваць факты незаконнай агітацыі выбарчым камісіям, паколькі не давяраюць апошнім. Галоўнай зброяй сваёй формы байкоту выбараў яны лічаць гумар. На прыканцы прэсавае канфэрэнцыі Павал Севярынец расказаў показку пра будучы парлямэнт:

(Севярынец: ) "Першае паседжаньне абраных у палату прадстаўнікоў праводзіць Аляксандар Лукашэнка. На сходзе прысутнічае абраны па Пупкінскай выбарчай акрузе дэпутат Казлоў. Аляксандар Рыгоравіч хоча даведацца, што гэта за Пупкінская акруга і хто такі дэпутат Казлоў. Кажа, што сустрэча скончана, а Вас, Казлоў, я папрашу застацца. І што вы думаеце? Усе засталіся".

XS
SM
MD
LG