Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 12 верасьня 2000 г.


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Сёньня ўвечары адбылося паседжаньне камісіі Полацкай гарадзкой выбарчай акругі №28, на якім былі разгледжаныя дакумэнты пратэндэнтаў на дэпутацкі мандат у так званую "палату прадстаўнікоў". Разгледзеўшы іх у ракурсе адпаведнасьці выбарчаму кодэксу, камісія зьняла з выбарчай гонкі двух прэтэндэнтаў, у тым ліку, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валерыя Шчукіна, які вылучаўся па гэтай акрузе шляхам збору подпісаў.

Агулам на карысьць спадара Шчукіна было сабрана 1100 подпісаў палачанаў, зь іх 221 подпіс камісія палічыла несапраўднымі з прычыны маючых месца скарачэньняў і выпраўленьняў у падпісных лістах, а таксама таму, што 190 подпісаў, як было заяўлена на паседжаньні, былі сабраныя не сябрамі ініцыятыўнай групы, а самім прэтэндэнтам. Яшчэ адной падставай для такога вэрдыкту стала тое, што спадар Шчукін назваўся ў прадстаўленых дакумэнтах дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Падобны ж лёс зазнаў і яшчэ адзін прэтэндэнт, спадар Кузьняцоў, які працуе памочнікам начальніка аддзелу вайсковай контрвыведкі КГБ.
Сябры ініцыятыўнай групы спадара Шчукіна пры гэтым выказалі меркаваньне, што вылучэньне супрацоўніка контрвыведкі і ягонае зьняцьцё з выбарчай дыстанцыі разам з дэпутатам Шчукіным – гэта загадзя сплянаваная акцыя ўладаў.

Ну а кандыдатамі ў дэпутаты па згаданай акрузе сталі прадстаўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі, пра дзейнасьць якой у рэгіёне дагэтуль не было і почуту, прадстаўнікі абодвух кампартыяў, а таксама дырэктар Полацкага дзяржаўнага гісторыка-культурніцкага запавевдніка спадар Ільніцкі ды галоўны лекар тэрытарыяльна-мэдычнага аб'яднаньня спадар Ісаеў, які лічыцца галоўным фаварытам выбарчай кампаніі.

XS
SM
MD
LG