Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 верасьня 2000 г.


Гутарыла Алена Радкевіч

Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ лічыць, што прыняцьцё тэхнічнай канфэрэнцыяй у Вене выніковага дакумэнту пагоршыла палітычную сытуацыю ў Беларусі. На думку кіраўніцтва партыі, улады ўспрынялі яго як саступку з боку міжнароднае супольнасьці, а аб'яднаная апазыцыя ўводзіць у зман грамадзкасьць, сьцьвярджаючы, што прыезд тэхнічнае групы ў Беларусь не азначае прызнаньня цывілізаваным сьветам вынікаў выбараў. Прэсавую канфэрэнцыю партыі наведаў Альгерд Невяроўскі…

Сёньня кіраўнікі КХП БНФ правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі пра выніковыя рашэньні сойму сваёй партыі, што адбыўся ў мінулую суботу. Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі прыняў камюніке, у якім сьцьвярджаецца, што дакумэнт Венскае канфэрэнцыі пагоршыў палітычную сытуцыю ў Беларусі. На думку кіраўніцтва КХП БНФ, афіцыйны Менск успрыняў гэты дакумэнт як саступку АБСЭ й дазвол на працяг антыдэмакратычнае палітыкі.

У камюніке гаворыцца, што, часова спыніўшы вонкавыя рэпрэсіі, улады тым ня менш узмацнілі кантроль спэцслужбаў за палітычнай дзейнасьцю грамадзянаў. У прыватнасьці, кантралююцца настроі рабочых на прадпрыемствах і студэнтаў у ВНУ. Масава парушаюцца правы працоўных і прафсаюзаў, няма свабоды мэдыяў. Сойм КХП БНФ канстатуе, што ў такіх варунках правесьці дэмакратычныя выбары немагчыма, тым больш, што г.зв. "палата" ня будзе мець аніякае заканадаўчае самастойнасьці.

Не падабаецца прадстаўнікам Кансэрватыўна-Хрысьціянскага БНФ і непасьлядоўная, на іхную думку, дзейнасьць аб'яднанай апазыцыі. Маўляў, частка аб'яднаных апазыцыянэраў бярэ ўдзел у выбарах, а ў той жа час другая частка заклікае іх байкатаваць.

На думку намесьніка старшыні КХП БНФ Сяргея Папкова, такая дзейнасьць толькі дэзарганізуе праціўнікаў Лукашэнкі, ды ўводзіць у зман выбаршчыкаў. Тым больш, што, паводле словаў паплечнікаў Зянона Пазьняка, пытаньні, вынесеныя аб'яднанай апазыцыяй на г.зв. рэфэрэндум, страцілі сваю актуальнасьць.

(Крыварот: ) "Галоўнае для нас пытаньне – абарона незалежнасьці. Мы не ўдзельнічаем і заклікаем ня ўдзельнічаць ня толькі ў выбарчых фарсах, але і ў такім мерапрыемстве, якое называецца рэфэрэндумам".

Сябры КХП БНФ таксама нэгатыўна ставяцца да ідэі правядзеньня 1 кастрычніка "Маршу Свабоды" і ня будуць у ім удзельнічаць. Кіраўніцтва партыі лічыць, што напярэдадні выбараў такі марш прынясе больш шкоды, чым карысьці, і толькі дасьць падставу ўладам абвінавачваць апазыцыю ў экстрэмізьме.

Партыйны Сойм таксама прыняў рашэньне дамагацца адстаўкі кіраўніка КНГ АБСЭ ў Менску Ганса-Георга Віка. Прадстаўнікі КХП БНФ лічаць, што сп. Вік наўмысна ўцягнуў частку апазыцыі ва ўдзел у выбарах. Гаворыць намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Паглядзіце, хто пайшоў на выбары. Той, хто зьвязаны альбо з расейскімі палітычнымі структурамі – Абрамава, розныя славянскія структуры, Гайдукевіч, Калякін. І тыя, хто зьвязаныя зь нямецкай сацыял-дэмакратыяй. Статкевіч у першую чаргу, Грушавы, Чыгір, Навасяд… Гэтыя структуры працуюць у адным ключы. Таму мы будзем настойваць на адстаўцы спадара Віка".

(Вядучая: ) "Альгерд, што прагучала канструктыўнага на прэсавай канфэрэнцыі. Пакуль з таго, што мы чулі можна зразумець, што ўсе робяць кепска: тыя, хто пайшлі на выбары, тыя агітуюць за байкот, місія АБСЭ, эўрапейскія структуры прынялі кепскае рашэньне. Што Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ прапануе ў якасьці альтэрнатывы?"

(Невяроўскі: ) "Прадстаўнікі Кансэрватыўна – хрысьціянскай партыі БНФ будуць рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, яны будуць зьбіраць подпісы ў абарону незалежнасьці, праводзіць акцыю стварэньня грамадзкага парляманту. З аднаго боку актывісты КХП крытыкуюць заплянаваны аб'яднанай апазыцыяй рэфэрэндум, які мусіць стаць этапам для падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў, з другога боку гаварылі, што правядзеньне акцыяў для стварэньня грамадзянскага парляманту – гэта таксама падрыхтоўка да будучай прэзыдэнцкай кампаніі вызвольнага рух Беларусі"

XS
SM
MD
LG