Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 2000 г.


Юры Сьвiрко, Менск

Беларускія ўлады рыхтуюцца да ўсталяваньня новых бар'ераў на шляху iншаземных тавараў: ужо зь 1 кастрычнiка на ўсходняй мяжы Беларусі будуць спаганяць падатак на даданую вартасьць з той прадукцыi трэцiх краiнаў, што трапляе ў Беларусь праз Расею.

На пачатку сёньняшняе прэсавае канфэрэнцыi на тэму электроннага гандлю ў краiнах СНД памочнiк Лукашэнкi Сяргей Посахаў, што патрануе правядзеньне ў Менску 18 кастрычнiка адпаведнае мiжнароднае iмпрэзы, шмат прамаўляў пра шкоднасьць унутраных бар'ераў у Садружнасьцi. Паводле ягоных словаў, штогод праз гэтыя бар'еры губляецца 8 мiльярдаў даляраў, а абслугоўваюць мяжу 4 мiльёны асобаў. На думку спадара Посахава, трэба такое становiшча выпраўляць, i дапамагчы ў гэтым можа новы — электронны — гандаль.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка 31 жнiўня падпiсаў указ пра тое, што ўжо з пачатку наступнага месяца Беларусь будзе спаганяць падатак на даданую вартасьць з тых тавараў трэцiх краiнаў, што ўвозяцца з Расеi. У афiцыйным камэнтары да ўказу адзначаецца, што пакуль большая частка падаткаў "фактычна застаецца ў бюджэце iншае дзяржавы".

Апрача таго, што Расею беларускія ўлады нарэшце прызналi iншай дзяржаваю i хочуць забраць ад Масквы грошы, гэты ўказ будзе мець i эканамiчныя наступствы. Напрыклад, тыя ж кампутары цi русiфiкаванае праграмнае забесьпячэньне, што вязуць у Беларусь галоўным чынам праз Расею, будуць абкладаць беларускiм падаткам на даданую вартасьць, што падвысiць iхныя кошты для спажыўцоў.

Сяргей Посахаў прызнае, што гэта ня будзе спрыяць анi звычайнаму гандлю, анi электроннаму, але лiчыць такое рашэньне Лукашэнкi апраўданым:

«Я хачу сказаць, што гэты ўказ — гэта захад у адказ, пра якi шмат казалi, на выкарыстаньне нашае мытнае прасторы нядобрасумленнамi iмпартэрамi ды экспартэрамi, асаблiва тавараў трэцiх краiнаў. Вы, напэўна, ведаеце, што падобны захад зрабiлi ўлады Расейскае Фэдэрацыi. Гэта толькi захад у адказ», — сказаў спадар Посахаў. Ён дадаў, што сытуацыя, калі звычайны гандаль на межах сутыкаецца з 4 мiльёнамі асобаў зь іхнай поўнай эканамiчнай ды сацыяльнай зацiкаўленасьцю ў наяўнасьцi бар'ераў, вядзе ў тупiк. Таму лукашэнкаў памочнiк выступае за празрыстасьць гандлю. "Гэта жыцьцёвая неабходнасьць. Беларуская прамысловасьць мусіць мець выхад на замежныя рынкi ды свабодную камплектацыю", — падкрэсьлiў Сяргей Посахаў.

XS
SM
MD
LG