Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікола Барысевіч заявіў, што прычынаю зьяўленьня непраўдзівай інфармацыі пра датэрміновы адлёт беларускае дэлегацыі з «Саміту Тысячагодзьдзя» была, паводле ягоных словаў, несумленная праца журналістаў некаторых інфармацыйных агенцыяў. Акрамя таго, Мікола Барысевіч паведаміў, што ў Нью-Ёрку ў Лукашэнкі быў неафіцыйны кантакт з прэыдэнтам ЗША Білам Клінтанам.

Паводле словаў Міколы Барысевіча, графік Аляксандра Лукашэнкі на «Саміце Тысячагодзьдзя» быў надзвычай напружаны, ён нават не правёў тую паўгадзінную прэсавую канфэрэнцыю, якая гарантавана наладжвалася арганізатарамі Саміту для лідэраў усіх краінаў. Лукашэнка сустракаўся ў Нью-Ёрку толькі з тымі журналістамі, якія прыбылі зь ім разам зь беларускай дэлегацыяй.

Адзін з журналістаў расейскай агенцыі Интерфакс, спасылаючыся на кулюарныя размовы, паведаміў, што беларуская дэлегацыя пакідае Нью-Ёрк заўчасна, на знак пратэсту супраць таго, што Аляксандра Лукашэнку не запрасілі на нейкі прыём. Мікола Барысевіч абверг гэтую інфармацыю, падкрэсьліў, што ў Лукашэнкі былі запрашэньні на ўсе сустрэчы, а прапусьціў ён два дні Саміту таму, што ў яго былі больш важныя пляны, якія распрацоўваліся раней.

Гаворыць Мікола Барысевіч:

«Гэтая інфармацыя абсалютна не адпавядае рэчаіснасьці і зьяўляецца проста дэзінфармацыяй. Праграма знаходжаньня на Кубе і ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў «Саміце Тысячагодзьдзя» распрацоўвалася раней, тэрміны былі вызначаныя загадзя. Ніякіх адхіленьняў ад праграмы не назіралася, яна была цалкам выкананая і казаць пра тое, што адлёт беларускае дэлегацыі быў нейкім дэмаршам, проста нельга», — паведаміў Мікола Барысевіч.

Паводле ягоных словаў, Лукашэнка ў Нью-Ёрку меў двухбаковыя сустрэчы зь лідэрамі Алжыру, Бангладэш, Ірану й Турцыі. Гэты выбар абгрунтаваны тым, што гэтыя краіны (відаць, акрамя Турцыі) граюць важную ролю ў Руху недалучэньня. Акрамя таго, як паведаміў Мікола Барысевіч, Лукашэнка меў таксама нефармальныя кантакты ў кулюарах Саміту з кіраўнікамі Расеі, Казахстану, Ізраіля і Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Пра зьмест размоваў пад час гэтых кантактаў паведамляе прэсавы сакратар Лукашэнкі Мікола Барысевіч:

(Барысевіч: ) "Вось гэтыя непасрэдныя кантакты паміж кіраўнікамі дзяржаваў зьяўляюцца вельмі важнымі, бо ў такой добразычлівай атмасфэры кіраўнікі дзяржаваў могуць абмеркаваць сучаныяя праблемы і абмяняцца думкамі наконт той ці іншай зь іх. Вось прыкладна ў гэтым накірунку праходзілі ўсе як нефармальныя кантакты прэзыдэнта Беларусі, так і тыя двухбаковыя сустрэчы, якія ён правёў пад час "саміту тысячагодзьдзя".

Гэта быў Мікола Барысевіч.

Ён паведаміў таксама, што Аляксандру Лукашэнку і ўсёй беларускай дэлегацыі было вядома пра наладжаную ў Нью-Ёрку пад час «Саміту Тысячагодзьдзя» дэманстрацыю прадстаўнікоў беларускае дыяспары супраць дыктатуры ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG