Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенскія ўлады не дазволілі сёньня правесьці пікеты, але Дзень беларускай вайсковай славы ўсё роўна ў горадзе быў адзначаны.

У цэнтры, на Савецкай вуліцы гараджане змаглі ўбачыць карціны Зьміцера Іваноўскага. Мастак адлюстраваў на іх беларускіх ваяроў часоў Давыда Гарадзенскага і бітвы пад Воршай.

Над Савецкай вуліцай зьявіўся таксама бел-чырвона-белы сьцяг, які правісеў каля паўгадзіны. Прыехала міліцыя і людзі ў цывільным, якія сьцяг зьнялі і забралі з сабой.

Пасьля вулічнай выставы патрыятычна настроеная публіка ўсклала кветкі ў трох месцах – на чыгуначным вакзале да мэмарыяльнай шыльды паўстанцам Каліноўскага, да шыльды паўстанцам Тадэвуша Касьцюшкі на Новым замку і да мэмарыяльнага знака "Пагоня на Грундвальд".

Увечары адбылося набажэнства ў Калоскай царкве за тых, хто загінуў за Беларусь, а пасьля каля Каложы – невялікі канцэрт.

XS
SM
MD
LG