Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Вялізныя штрафныя санкцыі, якія пагражалі незалежнай гарадзенскай газэце "Пагоня", амаль цалкам скасаваны. Падаткавай інспэкцыяй прызнаны памылкі, зробленыя ёю пад час праверкі бугальтарскіх дакумэнтаў газэты.

Больш за 4 мільёны 700 тысячаў рублёў — такія штрафныя санкцыі былі выстаўлены "Пагоні" з боку падаткавай інспэкцыі Ленінскага раёну гораду. З гэтае сумы 4 мільёны 100 тысячаў былі налічаны, як прызналі падаткавікі, памылкова. Такім чынам, газэце давядзецца заплаціць зараз толькі крыху больш за 600 тысячаў рублёў штрафу. Гэта ў восем разоў меней ад першапачатковае сумы. Дарэчы, як высьветлілася, "Пагоняй" таксама было пераплочана падаткаў менавіта на 600 тысячаў.

А памылка з памерам штрафу паўстала наступным чынам. Праверкаю было выяўлена, што быццам бы летась ад продажу газэты было атрымана болей грошай, чым адлюстравана ў бугальтарскіх дакумэнтах. А значыцца, сума сплочаных падаткаў была заменшана. Высьветлілася, аднак, што пад час праверкі была дапушчана па-сутнасьці вучнёўская памылка. Не была ўзята пад увагу тая акалічнасьць, што сабекошт газэты вельмі высокі, што прадаваць яе даводзіцца фактычна ніжэй сабекошту, і рэальнага прыбытку "Пагоня" не дае.

Зьмяніць сытуацыю ўдалося дзякуючы таму, што галоўны рэдактар Мікола Маркевіч пракансультаваўся зь вельмі дасьведчанымі ў бугальтэрыі спэцыялістамі. І адбыўся па-сутнасьці беспрэцэдэнтны выпадак — падаткавая інспэкцыя прызнала сваю памылку. Мікола Маркевіч схільны лічыць, што быў зроблены сацыяльны заказ з боку ўладаў — фінансава задушыць апазыцыйнае выданьне. Аднак выкананы гэты заказ быў вельмі груба, — гаворыць ён.

XS
SM
MD
LG