Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 верасьня 2000 г.


Юры Сьвiрко, Менск

У цэнтры адразу двух міжнародных скандалаў, зьвязаных з паведамленьнямi агенцыi Интерфакс, апынуўся сёньня Аляксандар Лукашэнка. Беларускаму мiнiстэрству замежных справаў на традыцыйным брыфiнгу давялося абвяргаць інфармацыю пра перамовы Лукашэнкі на высокiм узроўнi ў Рэйк'явiку й датэрмiновы адлёт зь Нью-Ёрку.

Яшчэ 2 верасьня "Интерфакс-Запад" паведамiў з Рэйк'явiку, што на шляху на Кубу "Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў комплекс пытаньняў, зьвязаных зь беларуска-iсьляндзкiмi стасункамi, у ходзе перамоваў зь вiцэ-прэм'ерам ураду Iсьляндыi Гатлдорам Аўсгрымсанам". Аднак сёньня стала вядома, што адказны супрацоўнiк iсьляндзкага мiнiстэрства замежных справаў амбасадар Гунар Гунарсан зрабiў пiсьмовую заяву, дзе пра беларускага кiраўнiка сьцьвярджаецца, цытую: "Ён ня меў сустрэчы зь мiнiстрам замежных справаў спадаром Гальдорам Асгрымсанам. Яго сустракалi ў аэрапорце Кэфлявiк чыноўнiкi мiнiстэрства замежных справаў. Ягоны прыпынак заняў прыблiзна паўтары гадзiны".

Сёньня прэсаваму сакратару беларускага МЗС Паўлу Латушку давялося абвергнуць паведамленьне блiзкай да Лукашэнкi агэнцыi "Интерфакс-Запад" i пацьвердзiць заяву iсьляндзкiх калегаў.

(Латушка: ) «Я магу пацьвердзiць, што была заплянаваная тэхнiчная пасадка самалёта прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь, калi ён кiраваўся на Кубу. У часе гэтае тэхнiчнае пасадкi прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь сустракалi часовы павераны ў справах Расейскае Фэдэрацыi ў Iсьляндыi, надзвычайны й паўнамоцны пасол у Вялiкай Брытанii спадар Садоха, а таксама прадстаўнiк мiнiстэрства замежных справаў Iсьляндыi.

Я магу пацьвердзiць, што у часе гэтае сустрэчы былi абмеркаваныя пытаньнi двухбаковага супрацоўнiцтва», — сказаў спадар Латушка.

Ён дадаў, што не пацьвярджае iнтэрфаксаўскую iнфармацыю пра перамовы Лукашэнкi зь вiцэ-прэм'ерам Iсьляндыi. Такiм чынам, абмеркаваньне двухбаковых стасункаў у Кэфлявiку (гэта аэрапорт Рэйк'явiку) адбывалася прыкладна на такiм жа ўзроўнi, калi б iсьляндзкi прэзыдэнт, прызямлiўшыся ненадоўга ў аэрапорце "Менск-2", правёў перамовы, скажам, толькi з Паўлам Латушкам.

Прэсаваму сакратару МЗС Беларусi на просьбу менскае карэспандэнткi ИТАР-ТАСС прыйшлося абвергнуць i сьвежае, датаванае 4:49 сёньняшняе начы паведамленьне агэнцыі Интерфакс зь Нью-Ёрку, адкуль Лукашэнка нiбыта зьехаў датэрмiнова, пратэстуючы супраць таго, што яго не запрасiлi на банкет для кiраўнiкоў дзяржаваў.

(Латушка: ) «Насуперак паведамленьням шэрагу iнфармацыйных агэнцыяў, iнфармацыя пра тое, што прэзыдэнт Рэспублiкi Беларусь быў вымушаны пакiнуць «Самiт Тысячагодзьдзя» ды Злучаныя Штаты Амэрыкi заўчасна, i гэта зьяўлялася быццам бы дэмаршам, цалкам не адпавядае рэчаiснасьцi i ёсьць недакладнай».

Павал Латушка нагадаў, што Лукашэнка выканаў усю праграму на самiце — правёў сустрэчы з кiраўнiкамi дэлегацыяў Алжыру, Бангладэш, Турцыi ды Iрану, узяў удзел у лянчы ад iмя генэральнага сакратара ААН, выступiў з трыбуны i даў прэсавую канфэрэнцыю.

Да таго ж, яшчэ напярэдаднi самiту было абвешчана, што Лукашэнка будзе на iм толькi 6 верасьня. А на сёньня на 15-ю гадзiну была заплянаваная ягоная сустрэча ў Менску з кiраўнiком кiтайскага парлямэнту Лi Пэнам.

Прэсавы сакратар беларускага МЗС паiнфармаваў журналiстаў, што пасьля перамоваў Лукашэнкi з Кастра на Кубе i менскiх вiзытаў iранцаў ды кiтайцаў у Беларусь прыедуць прэм'ер-мiнiстар Сацыялiстычнае Рэспублiкi Вiетнам (14 верасьня) i прэзыдэнт Рэспублiкi Калмыкiя (19 верасьня).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG