Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 верасьня 2000 г.


Галіна Прыгара, Мангэтэн

Сёньня ў Ню-Ёрку распачаўся саміт тысячагодзьдзя – чалавецтва ў асобе нацыянальных лідэраў складае парадак дня будучыні. У ім бярэ ўдзел і Аляксандар Лукашэнка. Як яго сустракаюць амэрыканскія беларусы? Просты рэпартаж Галіны Прыгары зь ню-ёркскіх вуліцаў, дзе адбываецца дэманстрацыя супраць дыктатуры Лукашэнкі.

Зараз у Ню-Ёрку на Парк-авэню і 50-й вуліцы праходзіць дэманстрацыя беларускай дыяспары супраць дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі. Некалькі дзясяткаў беларусаў трымаюць плякаты: "Лукашэнка дыктатар", "Далоў Лукашэнку!", "Спыніць расейскую акупацыю Беларусі!", "Няхай жыве БНР!", "Жыве Беларусь!".

Пад час сёньняшняга саміту тысячагодзьдзя, у якім бяруць удзел больш за 150 лідэраў краінаў сьвету, у Ню-Ёрку адбываецца 41 дэманстрацыя, а дазволы ўладамі выдадзеныя на 91 дэманстрацыю супраць дыктатараў. Мэр Ню-Ёрку Джуліяні заявіў, што ўдзельнікі саміту будуць ахоўвацца лепш, чым у якой-небудзь іншай кропцы сьвету. Аднак, як сказаў Джуліяні, на яго ўласную думку, некаторыя з тых, хто прыехаў на саміт, зьяўляюцца пачварнымі і жахлівымі істотамі, і аб гэтым варта нагадваць ім кожны раз, як толькі выпадае магчымасьць. Гэтак сказаў мэр Ню-Ёрку Рудольф Джуліяні.

Сёньня на дэманстрацыі сярод беларусаў пануе адна думка – у Ню-Ёрку беларуская дыяспара мусіць засьведчыць, што яна выступае супраць дыктатара Лукашэнкі, як гэта пададзена на плякатах.

Я перадаю слова Але Орсе-Рамана:

(Орса-Рамана: ) "Чаму мы выйшлі сюды? Чаму мы аддаем свае працоўныя дні, каб выйсьці на дэманстрацыю з бел-чырвона-белымі сьцягамі? Адказ вельмі-вельмі просты. Мы хочам, каб Беларусь была незалежнаю, мы хочам, каб нашыя людзі жылі вольна, каб маглі зарабляць, каб было чым дзяцей карміць, каб нашая моладзь ня йшла ў армію і не змагалася за расейцаў, мы хочам, каб Беларусь была Беларусьсю. І тут нас вельмі шмат сабралася, і мы спадзяемся, што дыктатар Лукашэнка пабачыць нас і пабачыць, як мы тут выступаем. Жыве Беларусь!"

Дэманстрацыя праходзіць якраз насупраць гатэлю, дзе пасялілася большасьць удзельнікаў саміту, які называюць самітам тысячагодзьдзя.
Сярод удзельнікаў дэманстрацыі таксама Зянон Пазьняк. Я даю яму слова:

(Пазьняк: ) "Тут сабралася грамада беларусаў, поўна сьцягоў. Задача – паказаць Лукашэнку, што ён ня можа сябе пачуваць спакойна пасьля таго, як здрадзіў Бацькаўшчыне. І пра гэта павінен ведаць увесь сьвет. Аб гэтым гавораць лёзунгі і плякаты, якія тутака ёсьць – у гэтым сутнасьць. І гэта вельмі істотна ня толькі ў маральным, але і ў палітычным сэнсе. Дыктатары ня вечныя, і трэба ім пра гэта сьведчыць, каб яны задумваліся над сваёй будучыняй".

Дэманстрацыі беларускай дыяспары ў Ню-Ёрку будуць праходзіць на працягу дзьвюх гадзінаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG